BE RU EN

За дрэнныя дарогі расплачваюцца кіроўцы?

  • 16.04.2017, 15:50

Менавіта такая сітуацыя склалася для кіроўцаў гарадскіх аўтобусаў у Крычаве.

Паводле іх інфармацыі, вось ужо на працягу трох апошніх месяцаў кіраўніцтва аўтапарка ў асобе намесніка дырэктара ў перавозках Васіля Падчаліна рэгулярна пазбаўляе многіх з іх прэміі за зрыў зацверджанага графіка руху. Як правіла, гэта 10-15% ад прэміяльнага фонду, піша «Магілёўскі рэгіён».

Пры гэтым кіраўніцтва аўтапарка не хоча прымаць да ўвагі той факт, што асноўнай прычынай зрыву з'яўляецца нізкая якасць праезнай часткі гарадскіх вуліц, па якіх вымушаны рухацца на нізкай хуткасці грувасткія машыны, каб пазбегнуць паломак хадавой часткі і выхаду з ладу гумы.

Паводле іроніі цяперашняга жыцця, аўтобусы шкадуюць перш за ўсё дасведчаныя кіроўцы, што даўно працуюць у аўтапарку. Яны выдатна разумеюць, што ў існуючых эканамічных умовах у аўтапрадпрыемства практычна няма сродкаў на закупку запчастак, новай гумы і нават для своечасовай замены алею ў рухавіках. І калі аўтобус устане, то гэта мала хвалюе кіраўніцтва аўтапарка. У яго цяпер адзін адказ, — «Хочаш працаваць і атрымліваць грошы, — круціся і шукай запчасткі, гуму і нават алей, — сам. Не будзеш шукаць, — стой і атрымлівай капейкі на рамонце!». Маладым кіроўцам, што нядаўна прыйшлі на працу, усё абыякава. Яны жывуць адным днём і мала думаюць пра будучыню. Колькасць такіх «работнікаў» у аўтапарку за апошні час значна ўзрасла, а ўзровень сярэдняга заробку кіроўцаў і кандуктараў знізіўся.

Такім чынам кіраўніцтва аўтапарка патурае мясцоваму выканкаму, які, выконвае ўказанні Лукашэнкі аб «барацьбе» з беспрацоўем, прымушае прымаць на працу новых кіроўцаў, якія часам не маюць нават патрэбнай катэгорыі і досведу работы. Пры гэтым, ніхто з кіраўніцтва аўтапарка не ставіць перад мясцовай уладай пытання аб неадкладным рамонце праезнай часткі вуліц горада, па якіх наладжаны рух аўтобусаў.

Апошнія навіны