BE RU EN

Сотні магілёўцаў працавалі бясплатна ў выходны праз капрыз «мэра»

  • 10.09.2018, 12:19

Кіраўнік Магілёва захацеў палётаць на шрубалёце, каб паглядзець, як ідзе добраўпарадкаванне горада.

«Гэтакі інавацыйны падыход інспектавання ходу працы, але такая інавацыя адбілася на кішэнях жыхароў горада», паведамляе 6tv.by.

З 20 жніўня да 19 верасня распараджэннем гарвыканкама кожныя выходныя для жыхароў горада сталі бясплатнымі працоўнымі днямі (суботнікамі). Звычайна людзі працуюць на сваім працоўным месцы і пералічваюць у бюджэт горада дзённы заробак. Зыходзячы з сярэдняга заробку ў горадзе недзе 20–30 рублёў кожны.

І ўсё б нічога, калі б гэтыя грошы пайшлі на нейкую добрую справу – рамонт дарог у дварах, будаўніцтва веладарожкі і г.д. Але, на жаль, грошы ідуць на пражэкты кіраўніцтва горада, якія не нясуць ніякага практычнага сэнсу – розныя «трыўмфальныя» аркі, «пацёмкінскія» лесвіцы і... пакатушкі на шрубалёце.

Давайце палічым, колькі каштуе палётаць на шрубалёце і колькім людзям трэба адпрацаваць у законны выхадны, каб кіраўнік горада ажыццявіў мару?

Гадзіна палёту на шрубалёце каштуе 1500 рублёў. З улікам дастаўкі шрубалёта і аблёту горада гэта, як мінімум, дзве гадзіны. У выніку, паводле мінімальных разлікаў, гэта 3000 рублёў.

Кожны жыхар горада пералічвае ў бюджэт за суботнік 20–30 рублёў. Няхітрыя матэматычныя дзеянні, і мы атрымліваем, што ад 100 да 150 жыхароў павінны бясплатна адпрацаваць у свой выходны, каб кіраўніцтва горада зладзіла абсалютна бессэнсоўную інспекцыю.

Больш карысна было б, калі б магілёўскі кіраўнік горада праінспектаваў горад на сваім службовым аўто, з бюджэтам 100 рублёў, дзе ён убачыў бы тое, чаго не разглядзець з шрубалёта.

А менавіта: ён убачыў бы, што развальваюцца масты пасля капітальнага рамонту, што няма дарог у дварах дамоў і ў прыватным сектары, што халтурна праводзяцца рамонты ў добраўпарадкаванні і многае іншае.

А так: «Сур'ёзных нараканняў да прадпрыемстваў і арганізацый Магілёва мы не выявілі». І не выявіце, спадар кіраўнік горада, пакуль у аблоках лётаць будзеце.

Апошнія навіны