«Што ты з сябе строіш?! Хто я, і хто ты – просты таксіст»
- 4.09.2020, 12:30
Затрыманы на акцыі гамяльчук сустрэў міліцыянта, які дапытваў, і той збіў яго за «няправільныя» паказанні.
Затрыманы 10 жніўня на акцыі пратэсту Леанід Кавалёў сёння на свабодзе, але ў статусе падазраванага: у міліцыі мяркуюць, што ён «кідаў бутэлькі з запальнай сумессю», сам хлопец гэта адмаўляе.
«Моцныя Навіны» ўжо пісалі пра гэтую гісторыю, але ў яе з'явілася нечаканае прадаўжэнне. Пасля ўсіх падзей Леанід вярнуўся на працу, дзе выпадкова сустрэў міліцыянта, які яго дапытваў, і той яго збіў. Хлопец надумаў расказаць гісторыю, нягледзячы на пагрозы паўплываць на ход справы.
Леаніду 28 гадоў, ён працуе таксістам. Калі хлопца адпусцілі, ён вярнуўся да звычайнага жыцця: ездзіць на сваёй машыне, не працуе з сэрвісамі. У ноч з 30 на 31 жніўня да шостай раніцы пад'ехаў да начнога клуба «Нэма», там ад «борта» ўзяў пасажыра. Ім аказаўся супрацоўнік праваахоўных органаў, які дапытваў Леаніда пасля затрымання.
– Мне ж тады далі 10 сутак. Пакуль я быў у ІЧУ, да мяне прыязджалі розныя следчыя, оперы. Іх было шмат, і прозвішчы я не запомніў. Ён падышоў, кажа: «О, Лёнік! Паехалі на Сонечную». У машыну ён сеў ужо п'яны, з ім была жанчына. Паводзіў сябе нармальна. Бліжэй да Сонечнай пачаў мяне пытаннямі закідваць. Кажа: ты няправільныя паказанні даеш, здай сваіх змоўнікаў. Я адказаў, што ведаць не ведаю гэтых хлопцаў, прыехаў туды з пляменнікам, а хто кідаў, хто што рабіў, не ведаю – як я апазнаю?!
«Што ты з сябе строіш?! Хто я, і хто ты – просты таксіст»
Паводле словаў Леаніда, гэты чалавек паказваў яму фатаграфіі, настойваў, каб ён апазнаў людзей на іх.
– Там святло адключанае было, бачнае было толькі святло ад фараў машынаў. На ўсіх маскі да вачэй, каптуры. Я твары не бачыў. Ён мне кажа, маўляў, хоць бы аднаго апазнаць. Потым паглядзеў на мой тэлефон і запатрабаваў выключыць дыктафон. Я растлумачыў, што дыктафон не ўключаны, працуе праграма для таксі.
Далей, расказвае таксіст, пасажыр запатрабаваў аддаць яму тэлефон або адключыць яго. Хлопец адмаўляўся, бо той фіксуе паездку. Пасля гэтага міліцыянт сказаў спыніць машыну.
– Я пачаў прытарможваць, нават не паспеў, а ён ззаду адной рукой мяне абхапіў, правай заглушыў машыну і забраў ключ. Абабег з другога боку, адчыніў дзверы і з нагі мяне ўдарыў. Па галаве і па руцэ (я паспеў неяк закрыць твар рукой). Выкінуў мяне з машыны, я нават не супраціўляўся, і разбіў тэлефон. А потым пачалося: «Што ты з сябе строіш?! Хто я, і хто ты – просты таксіст».
Хлопец пачаў уцякаць, не дапускаў міліцыянта да сябе блізка. «Пагоня» доўжылася блізу 20 хвілінаў.
– Тут ён ужо, мабыць, трохі працверазеў. Прасіў дамовіцца. Казаў, што заплаціць мне за тэлефон, колькі трэба, абы гэта нікуды далей не пайшло. Маўляў, і яму прыляціць, і мне, – успамінае Леанід.
«Адна сказала, што запісы ёсць. Другая – што камера нічога не запісала»
На месца пачалі з'язджацца таксісты. Адзін з іх даў Леаніду тэлефон, і хлопец выклікаў міліцыю. Пакуль нарад ехаў, пасажыр знік. Малады чалавек напісаў заяву, следча-аператыўная група зрабіла фатаграфіі на месцы, агледзела машыну. Леаніда адвезлі ў абласную лякарню.
– Зафіксавалі пашкоджанне мяккіх тканак на скроні. Потым мне сказалі, што майго «крыўдзіцеля» знайшлі.
Усё адбывалася недалёка ад «Гіпа», пры дарозе быў шапік, на ім камера. У момант здарэння на відэарэгістратары ў Леаніда не было флэшкі, ды і яе міліцыянт бы забраў – перш за ўсё шукаў карту памяці ў прыладзе. Таму хлопец паехаў паглядзець запісы з камеры. Уся надзея была на іх.
– Адна прадаўшчыца сказала, што запісы ёсць, другая – што камера не працавала і нічога не запісала. Маўляў, прыязджалі да мяне следчыя і ўжо глядзелі.
Сёння Леанід – падазраваны паводле крымінальнай справы, звязанай з кінутай бутэлькай з запальнай сумессю. Малады чалавек першапачаткова прасіў супрацоўнікаў праваахоўных органаў глядзець запісы з камераў відэаназірання. У СК, расказвае, яму іх паказвалі – там бачна, як разбягаецца натоўп, застаецца адзін Леанід, нічога не кідае.
– У мяне ў руках была камера, я спрабаваў здымаць. Яна знікла з запісам разам з рэчамі пасля затрымання. Потым відаць, як я іду, рукі ў кішэнях. Я не ўцякаў, таму яны сказалі, што я з натоўпу «кактэйльнікаў».
Тым не менш падазрэнняў з яго не здымаюць, а міліцыянт, які збіў маладога чалавека, параіў даваць «правільныя» паказанні, калі той хоча застацца на волі.
– Неяк сказаў намёкам, што не застанецца ўбаку [ў справе з кінутай бутэлькай з запальнай сумессю]. Кажа, ты падазраваны, май на ўвазе, што статус сведкі трэба заслужыць.
«Як у вас хапіла розуму заяву на супрацоўніка МУС пісаць?»
Паводле словаў Леаніда, міліцыянт разламаў тэлефон на дзве часткі, яго забралі аператыўнікі, як і выснову з лякарні. Матэрыялы спачатку накіравалі ў СК, потым вярнулі ў міліцыю. Хлопец асцерагаецца, што сітуацыю хочуць замяць. Сёння ён удакладняў паказанні, «каб справу зноў маглі накіраваць з міліцыі ў СК».
Падчас паказанняў Кавалёву расказалі, што відэа з камераў няма, а той самы супрацоўнік органаў напісаў на яго заяву за лжэсведчанне і ягоная знаёмая, якая сядзела на суседнім сядзенні, пацвердзіла, што канфлікту і нападу не было.
– Маёр кажа: як у вас хапіла розуму заяву на супрацоўніка МУС пісаць? Маўляў, ты адзін, а іх двое. Цяпер я паехаў на судмедэкспертызу, там агледзелі мае сінякі, якія засталіся на руках. Сказалі, да месяца вынікі робяцца, можа, тыдзень ці два.