Як цяпер беларусам можна атрымаць турыстычную шэнгенскую візу
- 23.11.2021, 11:44
Актуальная інфармацыя з візавых цэнтраў і консульскіх аддзелаў.
З пачатку пандэміі многія краіны ЕЗ закрылі свае межы і прыпынілі выдачу віз для турыстычных мэт беларусам. Але паступова краіны Еўропы адчыняюцца (ці зачыняюцца — усё складана). Партал zerkalo.io сабраў актуальную інфармацыю, дзе нам можна аформіць турыстычны шэнген і якія візавыя цэнтры і консульствы прымаюць дакументы на афармленне такіх тыпаў віз.
Важна памятаць, што праз пандэмію ў краінах ЕЗ дзейнічаюць розныя правілы ўезду. І яны ўвесь час змяняюцца. У гэтым тэксце мы не закранаем гэтае пытанне, а расказваем толькі пра магчымасць атрымання візы. Каб высветліць, з якімі абмежаваннямі вы можаце сутыкнуцца, наведайце сайт пасольства або МЗС краіны, якая вас цікавіць.
Нямеччына
Як расказалі ў Консульскім аддзеле Пасольства Нямеччыне ў Беларусі, атрымаць турыстычную шэнгенскую візу магчыма, але толькі пры адной умове: просьбіт павінен быць прышчэплены адной з чатырох вакцын, ухваленых Еўрапейскім Звязам. Гэта Pfizer, Moderna, Astra Zeneca і Janssen. Трэба падаць міжнародны сертыфікат, які пацвярджае вакцынацыю.
Грэцыя
У Візавым цэнтры Грэцыі ў Менску расказалі, што на кароткатэрміновую турыстычную шэнгенскую візу тыпу C прыём дакументаў вядзецца. Заяўкі могуць быць пададзеныя альбо праз сам візавы цэнтр у Менску, альбо непасрэдна ў Генеральнае Консульства краіны ў Маскве.
Заяўнік таксама абавязаны падаць усе неабходныя дакументы, якія пацвярджаюць мэту паездкі. У тым ліку і рэзервацыю авіябілетаў. Калі падарожжа плануецца на ўласным аўто, неабходна падаць маршрутны ліст, з указаннем дат знаходжання ў кожнай краіне па дарозе ў Грэцыю, ксеракопію тэхнічнага пашпарта аўтамабіля і пасведчання кіроўцы.
Таксама на сайце Візавага цэнтра звяртаюць увагу, што з 15 лістапада кошт сэрвіснага збору складае 30 еўраў (раней - 28) за адзін пашпарт.
Італія
У Консульскім аддзеле Пасольства Італіі ў Беларусі расказалі, што візы ў турыстычных мэтах не выдаюцца.
Згодна з інфармацыяй, размешчанай на сайце прадстаўніцтва гэтай краіны, Пасольства да неўстаноўленай даты прымае і апрацоўвае дакументы на турыстычную шэнгенскую візу толькі для сямейнікаў грамадзян ЕЗ і грамадзян трэціх краін, якія стала жывуць у краінах ЕЗ.
А таксама «суб'ектам, якія маюць пацверджаныя і стабільныя эмацыйныя стасункі з грамадзянамі ЕЗ ці грамадзянамі трэціх краін, якія пастаянна пражываюць у краінах ЕЗ. Эмацыйныя стасункі тычацца толькі пар, а не сямейнікаў», - напісана на сайце.
Пасольства прымае заявы на кароткатэрміновыя візы, мэта якіх - бізнэс, медыцынскае лячэнне, удзел у спартыўных спаборніцтвах на запрашэнне, праца, выправа, навуковыя даследаванні, вучоба, транзіт і ажыццяўленне перавозак.
Гішпанія
Паводле інфармацыі, размешчанай у тэлеграм-канале Візавага цэнтра Гішпаніі ў Менску, ён з 5 кастрычніка аднавіў прыём дакументаў на візы ад усіх, хто прышчапіўся наступнымі вакцынамі: Pfizer, Moderna, Astra Zeneca, Janssen, Sinopharma, Sinovac.
Іншых абмежаванняў няма.
Літва
У Консульскім аддзеле Пасольства Літвы таксама расказалі, што дакументы на турыстычныя візы ад беларусаў прымаюць. Умовы такія ж, як і ў Пасольстве Нямеччыны: у просьбіта павінна быць прышчэпка, ухваленая Еўрапейскім Звязам.
Латвія
Паводле інфармацыі, размешчанай на сайце Амбасады Латвіі ў Беларусі, яна на нявызначаны тэрмін спыніла выкананне консульскіх функцый, то бок аформіць візу тут нельга.
Польшча
У Візавым цэнтры ў Берасці паведамілі, што заяўкі на візы ў турыстычных мэтах не прымаюць. Затое ў Амбасадзе Польшчы можна падацца на гуманітарную. Акрамя гэтага, беларусы могуць атрымаць візу праз праграму падтрымкі IT-спецыялістаў — Poland Business Harbour. Таксама па візу могуць звярнуцца семейнікі грамадзян ЕЗ і тыя, хто выязджаюць на працу і вучобу.
Францыя
Паводле інфармацыі, размешчанай на сайце Пасольства Францыі ў Беларусі (паведамленне размешчанае 10 лістапада 2021 года. — заўвага Zerkalo.io) паступовае аднаўленне выдачы віз плануецца найбліжэйшым часам.
Крыху больш пашанцавала тым, у каго ўжо быў французскі шматразовы шэнген катэгорыі С, які скончыўся падчас пандэміі COVID-19 у 2020 ці 2021 гадах. Такія людзі яшчэ з 7 чэрвеня 2021-га могуць падаваць запыт на аднаўленне візы.
Эстонія
У Візавым цэнтры Эстоніі ў Менску прымаюць дакументы на кароткатэрміновыя шэнгенскія візы тыпу C, мэтай паездкі якой з'яўляецца турызм.
Калі ж мэтай паездкі з'яўляецца праца ці вучоба, то звяртацца трэба ў Консульскі аддзел Амбасады Эстоніі ў Беларусі.