«У нас не Тытанік»: Зяленскі назваў памылкай эвакуацыю заходніх дыпламатаў з Украіны
- 29.01.2022, 12:04
Прэзідэнт заклікаў не паддавацца паніцы.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі мяркуе памылкай пастанову некаторых заходніх краінаў пачаць эвакуацыю сваіх дыпламатаў і іхніх сем'яў з Украіны праз магчымае расейскае ўварванне. Пра гэта Зяленскі заявіў падчас сустрэчы з прадстаўнікамі замежных СМІ, піша «Украінская праўда».
Так, я мяркую, што гэта была памылка. Я шчыра пра гэта кажу. Я не маю права казаць, што гэта памылка ўрадаў паважаных дзяржаваў. Я мяркую, што гэта памылка для нас, для Украіны. Cігналы, якія мы атрымлівалі ад дыпламатаў, што гэта працоўныя не першага ўзроўню, [якіх эвакуявалі]. Я так не думаю. У такой сітуацыі – усё першага ўзроўню. Усе мусяць быць на месцы.
Зяленскі назваў эвакуацыю супрацоўнікаў амбасадаў «важным сігналам».
Усе на гэта глядзяць, усе разумеюць, якія краіны ЕЗ, як рэагуе Брытанія, Злучаныя Штаты. Я мяркую, што амбасады і дыпламаты павінны быць тут. Гэта капітаны дыпламатыі. Прадстаўнікі сваіх дзяржаваў, і мы ведаем, што апошнімі капітаны пакідаюць карабель. А я думаю, што ў нас не «Тытанік». Украіна ідзе наперад.
Як піша агенцтва УНІАН, Зяленскі сказаў, што мяркуе верагоднасць расейскага ўварвання ва Украіну высокай, але чарговы раз заклікаў не паддавацца паніцы. Паводле ягоных словаў, пасля з'яўлення чутак пра магчымы напад Расеі з украінскай эканомікі вывелі 12,5 мільярда даляраў.
Наша дзяржава не можа сама справіцца з такімі выклікамі. З дзяржрэзерваў мы стабілізуем нашу нацыянальную валюту, таму гэта вельмі дорага каштуе для Украіны, гэтая крыху няўзважаная інфармацыйная палітыка. …>
Сігналы пайшлі нават ад паважаных лідараў дзяржаваў, яны ўжо шчыра, нават не на дыпламатычнай мове, кажуць: «Заўтра будзе вайна». Гэта паніка. Паніка на рынках, паніка ў фінансавым сектары. Колькі гэта каштуе нашай дзяржаве?
Кожны дзень нашая рэдакцыя прадаўжае працаваць – насуперак ціску дзяржавы і толькі дзякуючы вам. Дзякуй вам вялікі! Гэта вельмі натхняе.
24 студзеня Дзярждэпартамэнт ЗША заявіў, што эвакуюе частку супрацоўнікаў амерыканскай амбасады ў Кіеве і сем'і ўсіх супрацоўнікаў амбасады. Акрамя таго, Дзярждэпартамэнт заклікаў грамадзянаў ЗША пакінуць Украіну. Вялікая Брытанія і Аўстралія таксама пачалі эвакуацыю сем'яў супрацоўнікаў сваіх амбасадаў у Кіеве.
Уладзімір Зяленскі раней ужо двойчы выступаў са зваротамі да ўкраінцаў праз магчымае расейскае ўварванне. Ён заклікаў не паддавацца паніцы, «здымаючы з рахункаў грошы, разбіраючы ўсё з паліцаў, скідаючы ўсім сябрам і знаёмым фэйкі і пужалкі».