BE RU EN

Кіроўца тралейбуса з Менска стала зоркай TikTok

  • 16.10.2022, 21:54

За гэта яе ўжо выклікалі да кіраўніцтва.

TikTok не толькі дае раскрыцца маладым людзям, але і дапамагае трансляваць свой боль менскай кіроўцы тралейбуса Іне. Яна посціць кароткія відэа, дзе вучыць людзей правільным паводзінам у грамадскім транспарце і смяецца з паўсядзённасці – ролікі збіраюць нямала праглядаў. Праўда, нядаўна яе за гэта выклікалі да кіраўніцтва.

У адным са сваіх «прафесійных» відэа жанчына паказвае, што не трэба стукаць у акенца кіроўцы, калі хочаце набыць квіток. Яна зазначае, што кіроўца бачыць пасажыраў і прадасць квіток падчас прыпынку.

Таксама Іна расказвае, як правільна стаяць у грамадскім транспарце, што не трэба трымаць дзверы тралейбуса для іншых пасажыраў і як быць, калі ты заснуў у транспарце і праехаў свой прыпынак.

Некаторыя павучальныя ролікі беларускі набіраюць сотні тысячаў праглядаў. Напрыклад, гэты.

З пачуццём гумару ў мянчанкі таксама нядрэнна. Яна выкарыстоўвае розныя вясёлыя маскі і здымае з імі відэа ў тралейбусе.

Таксама жанчына на сваёй старонцы расказвае пра ўмовы працы і заробкі кіроўцаў («на жыццё стае», – запэўнівае). Але на відэа пару дзён таму Іна прызналася, што апошнія яе публікацыі выклікалі скаргі, і яе выклікала кіраўніцтва.

«На жаль, больш відосікаў цікавых-прышпільных наконт працы не будзе. Мяне выклікала кіраўніцтва, я атрымала наганяй праз шматлікія скаргі, якія сёння былі», – адзначыла яна.

Але прадаўжае цешыць падпісчыкаў.

На старонку кіроўцы Іны ў TikTok падпісана больш за 4,5 тысячы карыстальнікаў. У цэлым пасля прагляду профіля складаецца ўражанне, што Іна вельмі любіць сваю прафесію і тралейбус.

Апошнія навіны