BE RU EN

Двух беларусаў з ПВК «Вагнер» падазраюць у ваенных злачынствах пад Кіевам

  • 24.05.2022, 19:32

СБУ назвала іх прозвішчы.

Нараджэнец Рэчыцы Сяргей Сазонаў і нараджэнец Оршы Аляксандр Ступніцкі, якія ваявалі ў складзе ПВК «Вагнер» у Сірыі, падазраюцца ў 14 эпізодах катаванняў і зверскіх расстрэлаў у вёсцы Маціжын Кіеўскай вобласці, паведамляе «Радыё Свабода».

Акрамя таго, паводле следства, Сяргей Сазонаў і Аляксандр Ступніцкі ўдзельнічалі ў выкраданні, катаваннях і забойстве старасты Маціжына Вольгі Сухенкі, яе мужа і сына.

Абодва беларусы ўключаныя ў базу цэнтра «Міратворац». Паводле звестак, сабраных супрацоўнікамі цэнтра, Сяргей Сазонаў (нарадзіўся ў 1972 годзе) з'яўляецца былым маёрам міліцыі, працаваў участковым інспектарам Рэчыцкага РАУС. У 2015 годзе яго нібыта аштрафавалі за спажыванне наркотыкаў на 14 мільёнаў беларускіх рублёў. Мае пазыўны «Рой».

Аляксандр Ступніцкі нарадзіўся ў 1989 годзе і да гэтага часу нібыта мае прапіску ў Оршы.

Паводле звестак Цэнтра «Міратворац», абодва да гэтага часу маюць беларускае грамадзянства.

Апошнія навіны