У Расеі дальнабойнік-беларус наехаў на нагу супрацоўніку Смаленскай мытні
- 28.04.2023, 16:36
Што было далей?
У Смаленску абвясцілі прысуд беларускаму дальнабойніку, якога абвінавачвалі ва «ўжыванні гвалту, небяспечнага для жыцця і здароўя», у дачыненні да прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім сваіх службовых абавязкаў, пішуць «Сільные новости».
У красавіку 2020 года дальнабойнік прыняў прапанову свайго знаёмага перавезці з Беларусі ў Расею на 20-тонным цяжкавіку Mercedes груз малдаўскіх яблыкаў. За гэта яму абяцалі 10 тысяч расейскіх рублёў (блізу 126 даляраў).
Мяжу кіроўца пераязджаў уначы і нарваўся на татальную праверку на КПП «Чырвоная Горка». Беларус занерваваўся, а калі да яго падышоў мытнік і папрасіў паказаць дакументы на груз, кіроўца адмовіўся і заблакаваў дзверы кабіны. (Пазней на следстве ён сказаў, што спалохаўся «сам не ведаючы праз што»).
Затым пад'ехалі супрацоўнікі ДІБДР, якім беларус паказаў свой пашпарт, але наадрэз адмовіўся пакідаць аўтамабіль. Паліцыянты разгарнулі перад фурай спецсродак «Ліяна» і выклікалі падмацаванне ў выглядзе байцоў мытнага спецназа, на прапанову якіх выйсці, паказаць дакументы і груз беларус адказаў маўчаннем. Спецназаўцы свой службовы легкавы аўтамабіль прыпаркавалі перад цяжкавіком і сталі чакаць.
Супрацьстаянне доўжылася амаль дзве гадзіны, а потым беларус даў назад і пачаў пярэднім ходам аб'язджаць аўтамабіль мытнікаў. Легкавушку ён зачапіў бамперам падчас крутога развароту на паласу руху, якая вядзе ў бок Беларусі. Адзін са спецназаўцаў стаў на яго шляху і, размахваючы пісталетам, крычаў: «Стой!» Беларус жа дадаў газу, праехаў па правай назе мытніка, які не паспеў адскочыць, і знік уначы.
Пасля роздумаў на радзіме дальнабойнік вярнуўся ў Расею і здаўся праваахоўнікам, напісаўшы прыход з пакаяннем. У судзе ён ад дачы паказанняў адмовіўся, цалкам прызнаўшы сваю віну.
«Ён разумеў, што, ідучы на аўтамабілі ў бок супрацоўніка мытнай службы, можа прычыніць яму цялесныя пашкоджанні, небяспечныя для яго здароўя, аднак разлічваў на тое, што супрацоўнік мытні адыдзе ў бок, і ён яго не закране. Прычынення смерці супрацоўніку мытні ён не жадаў. Ён бачыў, што супрацоўнік мытні, пасля таго як ён праехаў яму па назе, застаўся на аўтадарозе, калі б ён жадаў яго смерці, ён бы вярнуўся і збіў бы яго аўтамабілем», - такія паказанні дальнабойніка змяшчаюцца ў тэксце прысуду.
Суд пастанавіў, што выправіць беларуса можна без ізаляцыі ад грамадства, і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе трох гадоў пазбаўлення волі ўмоўна з выпрабавальным тэрмінам 2 гады 6 месяцаў.
Грамадзянскія пазовы ад мытні за пашкоджаны службовы аўтамабіль і пацярпелага, які месяц правёў на бальнічным і перамяшчаўся на мыліцах, не з’яўляліся.