Расійскіх школьнікаў адправілі ў лагер у Паўночнай Карэі
- 22.07.2024, 15:22
Дзецям абяцаюць "насычаную і яркую праграму".
Першая група расейскіх дзяцей накіравалася на адпачынак у Паўночную Карэю. Каля 250 школьнікаў з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Варонежскай, Ліпецкай, Арэнбуржскай абласцей, Краснадарскага, Краснаярскага, Прыморскага краёў і Сахаліна з'ехалі ў лагер “Сондавон”. Яны прабудуць там з 22 ліпеня да 2 жніўня, паведаміў урад Прыморскага краю РФ.
Дзецям абяцаюць “насычаную і яркую праграму”: плаванне на ветразніках, прагляд фільмаў у фармаце 3D, стральбу з лука, заняткі альпінізмам, тхэквандо і маляваннем. Таксама запланаваны гульні ў футбол, валейбол і настольны тэніс.
Акрамя таго, школьнікі будуць удзельнічаць "у мерапрыемствах, якія ўмацоўваюць сяброўства дзвюх краін", у тым ліку адзначаць "Дзень Расеі" і "Дзень Карэі". "З сабой яны вязуць нацыянальныя атрыбуты, каб у поўнай красе паказаць дзецям з КНДР культуру Расеі", - адзначылі ўлады. На фота некаторыя падлеткі трымаюць у руках балалайкі.
Падчас змены дзяцей адправяць на экскурсію ў Пхеньян, дзе яны наведаюць цэнтральны заапарк, музей прыродазнаўства і парк забаў "Рынра". Таксама іх вывезуць на гарналыжны курорт Масікрэн і пакатаюць па ліннай дарозе.