Кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны сустрэўся са спецпрадстаўніком Трампа
- 14.02.2025, 19:26
Падчас сустрэчы Ярмак заявіў, што РФ спыняецца не тады, калі абяцае, а калі вымушаная гэта зрабіць.
Кіраўнік офіса прэзідэнта (АП) Украіны Андрэй Ярмак сустрэўся са спецыяльным прадстаўніком прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ў пытаннях Расеі і Украіны Кітам Келагам на палях Мюнхенскай канферэнцыі бяспекі (MSC) у пятніцу, 14 лютага. Аб гэтым паведамляецца на сайце прэзідэнта Украіны.
Галоўнай тэмай сустрэчы была названая «каардынацыя працы для дасягнення працяглага міру». Падчас гутаркі Ярмак заявіў Келагу, што «Пуцін ніколі не гуляе паводле правіл» і заклікаў яго «не даць сябе падмануць». «Расейцы заўсёды кпілі з Захаду, але заўсёды яго капіявалі. Іх цяперашні «паварот на Усход» - не глыбокая культурная змена, а тактычны ход для дасягнення сваіх мэт. Расейцы паважаюць толькі сілу і пагарджаюць тымі, хто яе не ўжывае. Расея спыняецца не тады, калі абяцае, а калі змушаная гэта зрабіць», - сказаў ён.
У паведамленні на сайце прэзідэнта Украіны гаворыцца, што асаблівую ўвагу перамоўнікі надалі працягу падтрымкі Украіны. Акрамя таго, кіраўнік ОП заявіў, што «ўсе дамоўленасці без моцнага прымусу Расеі не будуць працаваць», бо, з яго слоў, «кантроль над Украінай з'яўляецца асновай імперскіх амбіцый РФ».
Ярмак і Келаг абмеркавалі таксама падрыхтоўку сустрэч на вышэйшым узроўні і візіт апошняга ва Украіну.