Politico: Мэрц прыдумаў арыгінальны спосаб завабіць Трампа ў Нямеччыну
- 14.05.2025, 15:04
Канцлер звярнуўся да нямецкіх каранёў прэзідэнта ЗША.
Новы канцлер Нямеччыны Фрыдрых Мэрц прыдумаў план, як дамагчыся прыязнасці прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і запрасіць яго ў Нямеччыну - выкарыстоўваць яго нямецкае паходжанне. Як піша Politico, Мэрц заявіў, што запрасіў Трампа ў заходненямецкую вёску, дзе нарадзіўся і вырас дзед прэзідэнта, Фрыдрых Трамп, перш чым эміграваць у Злучаныя Штаты ва ўзросце 16 гадоў у 1885 годзе.
"Я запрасіў яго ў Нямеччыну, каб ён наведаў горад сваіх продкаў. Я паеду туды разам з ім",- сказаў Мэрц на бізнэс-саміце ў Бэрліне.
Пакуль незразумела, ці прыме Трамп прапанову Мэрца, хоць, нягледзячы на частую крытыку на адрас Нямеччыны, прэзідэнт часта падкрэслівае свае нямецкія карані.
"У мяне ў крыві нямецкая мова", - сказаў ён падчас сустрэчы з Ангелай Мэркель у 2019 годзе.
На гэты момант Мэрц рыхтуецца да сваёй першай афіцыйнай паездкі ў Вашынгтон у якасці канцлера. Хоць пакуль незразумела, калі адбудзецца візіт, Мэрц заявіў, што гэта адбудзецца «неўзабаве».
Пасля выбараў у Нямеччыне Мерц і Трамп размаўлялі двойчы. Іх апошняя размова адбылася падчас нядаўняга візіту Мэрца ў Кіеў разам з прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам, прэм'ер-міністрам Вялікабрытаніі Кірам Стармерам і прэм'ер-міністрам Польшчы Дональдам Тускам.
У той жа час Politico адзначае, што незразумела, ці будзе Трамп добра прыняты ў Калштадце, на радзіме ягонага дзеда. У 2016 годзе, перад яго першым прэзідэнцкім тэрмінам, многія жыхары горада сказалі выданню, што Трамп ім нецікавы.