У Буданава ўпершыню паказалі дроны-забойцы расейскіх самалётаў Су-30
- 15.05.2025, 10:01
Фотафакт.
Вайсковая выведка Украіны ўпершыню паказала новае пакаленне марскіх дронаў Magura V7. Тыя самыя, якія нядаўна збілі два раснйскія знішчальнікі Су-30.
Пра гэта паведамляе карэспандэнт РБК-Украіна.
Адзначым, украінскія дроны Magura папярэдніх пакаленняў паспяхова пашкодзілі 16 расейскіх караблёў у Чорным моры, дзевяць з якіх - знішчылі. А ў навагоднюю ноч 31 снежня 2024 года ўпершыню знішчылі два гелікаптэры Мі-8 і пашкодзілі трэці.
Што да Magura V7, то марскія дроны новага сямейства ўпершыню ў гісторыі збілі два расейскія знішчальнікі Су-30. Адбылося гэта 2 траўня 2025 года.
Са слоў прадстаўніка ГУВ Андрэя Юсава, за тры гады дроны Magura сталі сучасным інструментам, які да таго ж пастаянна ўдасканальваецца. Але залогам поспеху застаецца прафесійная праца байцоў ГУВ. Як адзначылі байцы Group 13 ("Паляўнічыя на расейскія караблі"), вынікам стала тое, што варожы флот выцеснілі з заходняй часткі Чорнага мора і загналі яго ў пункты пастаяннай дыслакацыі. Зараз караблі супраціўніка скаваныя ў дзеяннях і не выконваюць свае задачы па прызначэнні.
Адзначым, Magura V7 здольныя пераадольваць адлегласць амаль 800 км, узброеныя турэлямі і ракетамі для працы па паветраных цэлях.
«Вы бачыце ракеты СПА і гэта гаворыць само за сябе. Пачынаем выцясняць, скажам так, расейцаў з паветра над Чорным морам», - заявіў журналістам начальнік ГУВ Кірыл Буданаў.
На пытанне, як менавіта ўдалося збіць расейскія самалёты, ён адказаў, што дзякуючы "новым украінскім тэхналагічным развязанням".
Magura упершыню ў гісторыі знішчыў Су-30
У пачатку траўня стала вядома, што байцы спецпадраздзялення ГУВ Group 13 збілі ракетай варожы баявы самалёт з беспілотнай марской платформы Magura. Паспяховы ўдар быў нанесены ў акваторыі Чорнага мора, на захад ад порта ў горадзе Новарасійск, дзе супраціўнік хавае рэшткі свайго Чарнаморскага флоту. Яшчэ адзін самалёт Су-30 быў збіты ля акупаванага Крыма.