Беларусы расказалі, як размяркоўваюць абавязкі ў сям'і
- 15.05.2025, 9:56
У 57,3% сем'яў з дзецьмі ўсяго адное дзіця.
Да Дня сям'і, які ў Беларусі святкуецца 15 траўня, Белстат падрыхтаваў афіцыйны статыстычны агляд. Акрамя традыцыйных лічбаў, спецыялісты даведаліся, як беларусы размяркоўваюць сямейныя абавязкі, і як ставяцца да гендэрных стэрэатыпаў.
Паводле звестак перапісу 2019 года, у Беларусі налічвалася 2 612 413 сем'яў. У 43,7 адсотка з іх ёсць непаўналетнія дзеці. Сярэдні памер беларускай сям'і склаў 2,9 чалавекі.
Калі паглыбіцца ў статыстыку, то ў 57,3% сем'яў з дзецьмі ўсяго адно дзіця. У 33,5% іх двое, і толькі ў 9,2% - тры і больш.
Гендэрныя ролі ў сям'і
Што да размеркавання абавязкаў у сям'і, то 90,3% жанчын і 97,3% мужчын "цалкам задавальняе" ці "хутчэй задавальняе" прынятая мадэль. А зараз паглядзім, як яна складаецца.
Большасць мужчын і жанчын мяркуюць, што ў прыняцці найважнейшых пастаноў, у тым ліку ў выхаванні дзяцей, распараджэнні фінансавымі сродкамі і здзяйсненні буйных пакупак павінны ўдзельнічаць жонка і муж разам або ў роўнай ступені.
А вось паўсядзённыя набыткі кладуцца на плечы жонкі: так мяркуюць 71,7% саміх жанчын і 53% мужчын.
У графе "клопат пра дом і дзяцей" блізу паловы апытаных мужчын (47,7%) і жанчын (59,2%) адказалі, што гэта задача абодвух бацькоў. Пры гэтым 40,3 адсотка жанчын мяркуюць, што гэта іх абавязак. З гэтым згодны 51,2 адсотка мужчын.
А вось матэрыяльнае забеспячэнне сям'і 64,7% жанчын ускладаюць на мужа, такі падзел падтрымліваюць 73,6% мужчын. Сярод тых, хто лічыць адказнымі за гэта мужа і жонку ў роўнай ступені, дзель мужчын склала 26,2%, а жанчын - 35%.
Пры гэтым большасць апытаных (больш за 70%) не згодныя са стэрэатыпам аб тым, што, калі жанчына зарабляе больш партнёра, гэта ўплывае на стасункі.