Палітолаг: Лукашэнку ўжо спісалі на пенсію
- 16.05.2025, 11:35
У дыктатара ёсць толькі два варыянты.
У Стамбуле сёння, 16 траўня, могуць прайсці перамовы Украіны і Расеі. Што яны азначаюць для Лукашэнкі?
Пра гэта сайт Charter97.org паразмаўляў з беларускім палітолагам Анатолем Котавым:
- Поўнамаштабныя перамовы сарваныя расейскай стараной. У Стамбуле чакалі Пуціна, замест яго прыехаў Мядзінскі, які нічога не вызначае. Калі Еўропа і ЗША выканаюць свой ультыматум і накладуць сапраўды жорсткія санкцыі, а таксама ўзмоцняць дапамогу Украіне, для Лукашэнкі поле для манеўру звузіцца да мінімуму.
Расея будзе вымушаная больш жорстка акрэсліваць сваю зону ўплыву, а таксама Беларусь у ёй. Лавіяваць паміж двух агнёў не вельмі атрымліваецца зараз, а ў выпадку эскалацыі - не атрымаецца зусім.
Або трэба будзе ісці на рэзкае збліжэнне з Захадам, што наўрад ці магчыма, альбо апынуцца ў Расеі. Другі варыянт не абяцае Лукашэнку нічога добрага. Тамака яго ўжо адправілі на пенсію і спісалі.
- Заходнія СМІ апошнім часам шмат пішуць аб праблемах у эканоміцы Расеі. Ці могуць яны перакінуцца на беларускі рэжым?
- Аб праблемах у расейскай эканоміцы пішуць даўно. І ў беларускай таксама. Аднак дзяржавы - вельмі складаныя карпарацыі, і доўга банкруцяцца. Асабліва калі народ не пратэстуе. КНДР у сістэмным крызісе даўно, і існуе. Пакуль не надыходзіць момант, калі народ кажа "не" свайму быдлячаму стану, нічога не адбудзецца. У гэтым плане ў Расеі - вялікі запас трываласці.
Сапраўды жорсткія санкцыі і другасныя санкцыі могуць расхістаць сітуацыю яшчэ больш. Аналагічна праблемным будзе і вяртанне на цывільныя рэйкі. Беларуская эканоміка намёртва прывязаная да расейскай. Чым горш у Расеі, тым больш горш у Беларусі.
- Якія галоўныя небяспекі для беларускага рэжыму вы бачыце найбліжэйшым часам?
- Асноўная небяспека - палітыка Крамля ў дачыненні да Беларусі і рэжыму. Вельмі магчыма, што Масква будзе ўзмацняць ціск на Лукашэнку, улічваючы няўдачы на мірным ці ваенным трэку ва Украіне.
Аналагічна ў Менску баяцца рэзкай змены сітуацыі: мір ці эскалацыя вайны. Першае будзе азначаць скарачэнне вайсковых выдаткаў, якія маюць тое, што засталося ад беларускай эканомікі. Другое - яшчэ большую ізаляцыю і канец марам выйсці з-пад санкцый.