Рубіа: Ватыкан можа стаць пляцоўкай для мірных перамоваў паміж Украінай і РФ
- 18.05.2025, 10:40
Папа Леў XIV паабяцаў асабіста прыкласці ўсе намаганні, каб скончыць вайну.
Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіа заявіў, што Ватыкан можа стаць месцам для мірных перамоваў паміж РФ і Украінай. Такім чынам палітык прыняў прапанову Апостальскай Сталіцы пасля таго, як Папа Леў XIV паабяцаў асабіста прыкласці «ўсе намаганні», каб дапамагчы скончыць вайну. Пра гэта піша Associated Press.
Паводле словаў Рубіа, ён будзе абмяркоўваць патэнцыйныя шляхі таго, як можа Ватыкан дапамагчы ў пытанні перамоваў паміж бакамі канфлікту.
Калі ў дзяржсакратара спыталі, ці можа Ватыкан быць мірным пасярэднікам, ён адказаў:
«Я не назваў бы яго пасярэднікам, але гэта, безумоўна, – я думаю, што гэтае месца, куды было б камфортна звярнуцца абодвум бакам. Так што мы будзем гаварыць пра ўсё гэта і, відавочна, заўсёды ўдзячныя Ватыкану за іх гатоўнасць выканаць гэтую канструктыўную і пазітыўную ролю».
Роля Ватыкана ў перамовах паміж РФ і Украінай
У AP нагадалі, што Ватыкан прытрымліваецца дыпламатычнага нейтралітэту і ўжо даўно прапаноўваў свае пляцоўкі для спрыяння перамовам.
Папярэдні Папа Францішак, які адзначыўся сваімі неадназначнымі заявамі датычна вайны ва Украіне, даручыў прэзідэнту Біскупскай канферэнцыі Італіі Матэа Дзупі мандат на пошук шляхоў да міру. Аднак такі мандат звузіўся да спрыяння вяртанню ўкраінскіх дзяцей, якіх выкрала Расея. Таксама Апостальская Сталіца здолела выступіць пасярэдніцай у некаторых абменах палоннымі.
У сваю чаргу падчас сустрэчы ў амбасадзе ЗША ў Рыме Рубіа падзякаваў Дзупі за гуманітарную падтрымку Ватыкана, а таксама адзначыў прадаўжэнне супрацоўніцтва пад новым кіраўніцтвам Папы Льва XIV.
«Леў, які быў абраны першым у гісторыі амерыканскім Папам 8 траўня, падтрымаў заклік Францішка да міру ва Украіне ў сваім першым нядзельным дабраслоўленні ў якасці Папы Рымскага. Ён заклікаў усе бакі зрабіць усё магчымае для дасягнення "сапраўднага, справядлівага і трывалага міру», – падкрэслілі ў выданні.
У той самы час украінскі гісторык Анатоль Бабінскі заявіў, што яшчэ ніводнаму Папу Рымскаму не ўдавалася спыніць вайну. Ён адзначыў, што гісторыя мае шмат выпадкаў, калі былі спробы Папаў уладзіць ваенныя канфлікты, асабліва ў 20 стагоддзі, але ўсе былі марнымі.
«Ёсць толькі невялікія прыклады ўладжвання такіх, унутраных грамадзянскіх канфліктаў у Афрыцы ці Паўднёвай Амерыцы, дзе царква змагла выступіць медыятаркай, але і гэта не заўсёды ўдавалася», – падкрэсліў Бабінскі.
У сваю чаргу выданне La Repubblica паведамляла, што новы Папа Рымскі прыедзе ва Украіну. Паводле словаў журналістаў, Турцыя, Украіна і Перу – краіны, якія пантыфік наведае першымі. Вядома, што напярэдадні Папа атрымаў запрашэнне наведаць Украіну ад прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага.