«Тут мяса няма ўвогуле»
- 22.05.2025, 18:16
Беларуска была незадаволеная рабрынкамі барбекю ад вядомага вытворцы.
Беларуска расказала ў TikTok, што набыла свіныя рабрынкі для барбекю ад агракамбіната «Дзяржынскі», але засталася імі незадаволеная яшчэ да прыгатавання. Жанчыну не задавальняе колькасць мяса на рэбрах. Ролік набраў больш за 55 тысячаў праглядаў амаль за дзень, паведамляе «Люстэрка».
«Тут мяса няма ўвогуле ад слова “зусім”, – сцвярджае аўтар відэа. – Што есці, прабачце мне, што?»
Паводле ейных словаў, на рабрынках ёсць толькі «адзін-адзіны» кавалачак мяса. Жанчына мяркуе, што гэта ненармальна і гаворыць у канцы роліка: «За што мы плацім грошы? Вы косткі засоўваеце ў вакуумнае пакаванне».
Пад відэа пакінулі больш за тры сотні каментароў, папулярныя сярод іх такія:
«Гэта капец, вядома. Паўсюль імкнуцца падмануць, ну няўжо людзі, якія гэта вырабляюць, хацелі б самі гэта есці?
«На рэбрах павінен быць пласт мяса – калі там паказана, што яны для запякання. Калі як на відэа, то гэта набор для булёну».
«Калі б людзі больш заяўлялі прэтэнзіі да прадукцыі, то тавар палепшыўся б».
«Лепш на вагу браць і бачыць што. Потым самому замарынаваць. Чым ката ў мяшку».
«Я, бывае, дзіўлюся, як яны так абразаюць, што там мяса няма. Мы трымалі сваіх свіней і самым вострым нажом я не змагла б так абрэзаць».
«Рабрынкі – гэта калі ўнутры мяса, храстковыя далікатныя костачкі. А гэта рагу».