На галоўным вакзале Гамбурга адбыўся напад з нажом
- 23.05.2025, 20:56
Пацярпелі 12 чалавек.
У выніку нападу невядомага з нажом на галоўным вакзале Гамбурга раненні атрымалі 12 чалавек, у тым ліку шасцёра пацярпелі сур'ёзна, паведаміла паліцыя Гамбурга ў пятніцу, 23 траўня, паведамляе «Нямецкая хваля».
Напад адбыўся ўвечары па мясцовым часе. Шасцёра пацярпелых знаходзяцца ў крытычным стане, астатнія атрымалі раненні лёгкай ступені цяжкасці, паведамляе агенцтва dpa. Месца атакі ачэпленае праваахоўнымі органамі.
Падазраваны ў нападзе затрыманы. Паводле інфармацыі выдання Bild, гэта жанчына. Афіцыйнай інфармацыі пра асобу злачынца і яе матывы не паведамляецца.
Напады з выкарыстаннем халоднай зброі за апошнія месяцы адбываліся ў цэлым шэрагу гарадоў Нямеччыны, што пацягнула за сабой палітычныя дэбаты аб прычынах інцыдэнтаў і мерах, якія неабходна прыняць. На галоўным вакзале Гамбурга і ў грамадскім транспарце гэтага горада нашэнне зброі, у тым ліку нажоў, забаронена.