BE RU EN

Ці могуць бацькі прыйсці на ўрокі сваіх дзяцей у школу?

  • 26.05.2025, 11:01

Адвакатка назвала адну ўмову.

Адвакатка юрыдычнай кансультацыі № 2 горада Віцебска патлумачыла, пры якіх умовах беларускім бацькам можна папрысутнічаць на ўроках сваіх дзяцей. Як высветлілася, простага жадання для гэтага зусім недастаткова.

Са слоў адвакаткі, артыкул 33 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі сапраўды прадугледжвае правы законных прадстаўнікоў непаўналетніх навучэнцаў (да якіх залічваюць бацькоў, усынавіцеляў, апекуноў). Гэты артыкул дае ім права на атрыманне інфармацыі аб ходзе і змесце адукацыйнага працэсу, метадах навучання і выхавання, выніках вучэбнай дзейнасці навучэнцаў.

Аднак, як падкрэсліла адвакатка, парадак атрымання гэтай інфармацыі вызначаецца кіраўніком установы адукацыі з удзелам органаў самакіравання, у якія ўваходзяць асобы з ліку законных прадстаўнікоў непаўналетніх навучэнцаў.

"Такім чынам, можна рэзюмаваць, што бацькі маюць права знаходзіцца на ўроках толькі паводле пастановы кіраўніка ўстановы адукацыі, якая была прынятая з удзелам органаў самакіравання”, — заявіла адвакатка.

"Альбо ж, - дадала яна, - такое права прапісана ва ўнутраных лакальных нарматыўных актах пэўнай установы адукацыі”.

Дарэчы, у каментарах да гэтага відэатлумачэння ў TikTok у адваката спыталі: "А калі дырэктар будзе супраць? Гэта значыць майму дзіцяці могуць расказваць, што хочуць, а я не маю права нават пра гэта ведаць?”.

Юрыстка не дала адказ, а вось іншы карыстальнік нагадаў пра існаванне “адкрытых урокаў”.

Апошнія навіны