NYT: Ці могуць электрамабілі зноў знікнуць
- 26.05.2025, 14:12
Першыя электрамабілі з’явіліся за сто гадоў да Tesla.
Больш за стагоддзе таму вуліцамі Нью-Ёрка ездзілі электрамабілі Baker Electric Coupe і Riker Electric Roadster. У пачатку XX стагоддзя прыкладна траціна таксовак у горадзе былі электрычнымі. Аднак неўзабаве яны саступілі месца бензінавым аўтамабілям - таннейшым, магутным і зручным у запраўцы дзякуючы развіццю нафтавай прамысловасці і падатковым палёгкам, піша The New York Times (пераклад - сайт Charter97.org).
Электрамабілі практычна зніклі да 1935 года. І хаця адзінкавыя экзэмпляры захаваліся ў музеях і прыватных калекцыях, большасць людзей нават не ведаюць, што яны калі-небудзь існавалі. Адзін з такіх рарытэтаў - адрэстаўраваны Baker Electric 1909 - знаходзіцца ў калекцыі Джэй Лена, вядомага тэлевядоўцы і аўтааматара. Гэты аўтамабіль на электрацязе з драўлянай рамай і 36-цалевымі коламі здзіўляе мінакоў на вуліцах Бербанка, штат Каліфорнія.
Цяпер, праз сто гадоў, гісторыя можа паўтарыцца. Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і рэспубліканцы ў Кангрэсе ЗША робяць захады, якія могуць падарваць рост індустрыі электрамабіляў. Яны прапануюць скасаваць федэральныя субсідыі, увесці новы штогадовы падатак $250 для ўладальнікаў электрамабіляў і вярнуць прыярытэт нафтаваму сектару.
Паралелі з мінулым насцярожваюць гісторыкаў. У пачатку XX стагоддзя электрамабілі таксама саступілі ў канкурэнцыі з бензінавымі рухавікамі праз адсутнасць інфраструктуры і палітычнай падтрымкі. Тагачасная Амерыка імкнулася да мабільнасці, але сельскія раёны не былі электрыфікаваныя да сярэдзіны стагоддзя. У 1926 годзе Кангрэс ЗША надаў нафтавым кампаніям магчымасць спісваць 27,5% падаходнага падатку - палёгку, якая праіснавала дзесяцігоддзі і што зрабіла бензінавыя аўто дамінантнымі.
Апроч палітычных перашкод электрамабілі пакутавалі ад гендэрных стэрэатыпаў. У пачатку мінулага стагоддзя іх рэкламавалі як «аўтамабілі для дамаў» - ціхія, чыстыя, зручныя. Адзін з лозунгаў таго часу: «Вясёлыя Каляды - электрамабіль для жонкі». У той жа час бензінавыя аўто асацыяваліся з мужнасцю і моцай.
І сёння гэтыя гендэрныя стэрэатыпы не зніклі. Кангрэсвумэн-рэспубліканка Марджоры Тэйлар Грын заявіла: Няма нічога больш амерыканскага, чым роў V8 пад капотам Mustang або Camaro. Амерыканскі мільярдэр Ілан Маск, кіраўнік Tesla, спрабуе ўзмацніць мужчынскую прывабнасць электракараў, выпускаючы такія мадэлі, як масіўны Cybertruck. Аднак яго збліжэнне з кансерватыўнымі коламі можа адштурхнуць прагрэсіўных пакупнікоў, якія першапачаткова падтрымлівалі электрамабілі.
Гісторык з музея Пэтэрсэна Лэслі Кендал адзначае, што электрамабілі саступілі ў мінулым не праз тэхнічныя недахопы, а праз адсутнасць інфраструктуры і больш высокага кошту – у 1908 годзе Ford Model T каштаваў $650, тады як электрычны родстэр – $1750.
Сёння сітуацыя мяняецца. За адміністрацяй былога прэзідэнта ЗША Джо Байдэна было выдзелена $7,5 млрд на будаўніцтва станцый зарадкі. Аднак Трамп спыніў рэалізацыю праграмы. І ўсё ж, як адзначае Рычард Райкер, унук піянера электрычных аўтамабіляў Эндру Райкера, тэхналагічныя прарывы здольныя пераламаць сітуацыю.
Калі можна будзе зарадзіць аўтамабіль за пяць хвілін і праехаць 800 кіламетраў, рухавік унутранага згарання сыдзе ў гісторыю , кажа ён.