BE RU EN

«Ёсць рэчы, якія Пуціну баяцца казаць»

  • 26.05.2025, 15:18

Ва ўкраінскай выведцы распавялі, што адбываецца за кулісамі Крамля.

Расейскі дыктатар Уладзімір Пуцін не атрымлівае інфармацыю аб рэальнай сітуацыі на полі бою ў вайне супраць Украіны, таксама ад яго хаваюць, што адбываецца з расейскай эканомікай.

Пра гэта распавёў кіраўнік Службы замежнай выведкі Украіны (СЗВУ) Алег Івашчанка ў інтэрв'ю «Укрінфарму», апублікаваным 26 траўня.

З яго слоў, усе ідэі ў краіне-агрэсарцы РФ генеруе Пуцін, а астатнія ў яго асяроддзі выконваюць гэтыя задачы.

«Мы бачым, што ёсць рэчы, якія Пуціну баяцца казаць. Мы прыйшлі да высновы, што яму не даводзяць інфармацыю аб сапраўдным стане спраў у эканоміцы і вайне. Даклады ідуць у такой лайтавай форме, без акцэнту на далейшых магчымых наступствах», - паведаміў Івашчанка.

У адказе аб магчымым пераемніку расейскага дыктатара кіраўнік СЗВУ распавёў, што ў асяроддзі Пуціна гэтая тэма пад забаронай.

«Ёсць страх за свае пасады, сем'і і блізкае асяроддзе», - растлумачыў Івашчанка, чаму за кулісамі ўлады Расеі гэтая тэма не ўзнімаецца.

Што ж тычыцца пратэстнага патэнцыялу ў насельніцтва РФ, то, на думку Алега Івашчанкі, ён існуе, але невялікі - на ўзроўні да 20%.

«Мы не бачым перадумоў да ўнутранай дэстабілізацыі. Ёсць людзі незадаволеныя ў рэгіёнах, на Каўказе, але гэтая нездаволенасць ідзе на рэгіянальную ўладу. Няма такога, каб хтосьці крытыкаваў першую асобу», - распавёў кіраўнік Службы замежнай выведкі Украіны, дадаўшы, што ўся расейская тэрыторыя «рэжымная» і супрацоўнікі ФСБ, Расгвардыі робяць сваю справу.

Апошнія навіны