Макрон: Трамп усвядоміў, што «мірныя» абяцанні Пуціна - хлусня
- 26.05.2025, 16:40
Кіраўнік Францыі заклікаў да «як мага больш працяглага спынення агню».
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон мяркуе, што ягоны амерыканскі калега Дональд Трамп зразумеў, што расейскі дыктатар Пуцін падманваў яго, паведамляе BFMTV.
Падчас туру па Паўднёва-Усходняй Азіі Макрон заклікаў да «захавання парадку, заснаванага на правілах» у глабальным кантэксце «сур'ёзных дысбалансаў». Бо, з яго слоў, вайна ва Украіне «дэстабілізуе Азію», а не толькі Еўропу.
Прэзідэнт Францыі таксама заявіў, што, на яго думку, Трамп «усвядоміў», што Пуцін яго «падмануў».
- Думаю, што прэзідэнт Трамп усвядоміў: калі Пуцін казаў яму аб гатоўнасці да міру - ён хлусіў, - акцэнтаваў Макрон і заклікаў да «як мага больш працяглага спынення агню».
Ён падкрэсліў: «Тое, што адбываецца ва Украіне, з'яўляецца непрымальным і вельмі сур'ёзным».
«Нельга заяўляць аб гатоўнасці да перамоў і адначасова бамбаваць. Такая падвойная рыторыка дэманструе няшчырасць усіх заяў аб дыялогу», - дадаў Макрон.