Пуцін здзівіўся, што ў Беларусі скончылася бульба
- 26.05.2025, 19:36
Дыктатар РФ хацеў купляць бульбу ў нашай краіне.
Дыктатар РФ Уладзімір Пуцін падчас сустрэчы з прадстаўнікамі бізнэс-супольнасці прапанаваў закупляць бульбу ў Беларусі і вельмі здзівіўся, калі яму адзін са службоўцаў падказаў, што яна ў суседзяў скончылася. Відэа з дыялогам размясціў Тэлеграм-канал RIA_Kremlinpool.
Разважаючы пра тое, што лепш закупляць сваю прадукцыю, нават калі яна крыху даражэйшая, Пуцін узняў і пытанне бульбы.
- Вядома, можна і ў Беларусі бульбу закупляць. Яны там вялікія спецыялісты па бульбе, але сваю таксама нядрэнна мець, - сказаў Пуцін.
- Яна там скончылася, - адазваўся намеснік кіраўніка адміністрацыі кіраўніка РФ Максім Арэшкін.
- Як скончылася? - здзівіўся Пуцін.
- Аляксандр Рыгоравіч нарады праводзіць.
- Максім кажа, бульба ў Беларусі скончылася. Нешта такое… – сказаў Пуцін і засмяяўся.
Нагадаем, апошнія месяцы беларусы з розных рэгіёнаў шматкроць скардзіліся на дэфіцыт і якасць бульбы. Вытворцы тлумачаць: адгружаць гародніну і садавіну ў фонды па кошце, які прапануе дзяржава, ім проста нявыгадна. Таму яны ці прадаюць тавар даражэй на рынках, ці адпраўляюць на экспарт.
8 траўня Аляксандр Лукашэнка прызнаў, што ў краіне існуе дэфіцыт бульбы. Яго ён растлумачыў жаданнем фермераў падзарабіць.