Швэцыя вылучыла Украіне больш за $ 500 млн
- 26.05.2025, 21:49
На ўмацаванне абароназдольнасці.
Швэцыя вылучыла Украіне 4,8 млрд швэдскіх кронаў (блізу $ 504 млн) на ўзмацненне абароназдольнасці.
Пра гэта гаворыцца на сайце Мінабароны краіны, піша «Еўрапейская праўда».
Адзначаецца, што 22 траўня ўрад краіны прыняў пастанову даручыць Узброеным сілам Швэцыі зрабіць фінансавыя ўнёскі ў шматбаковыя фонды і ініцыятывы, накіраваныя на ўзмацненне абароназдольнасці Украіны.
Агульны памер ахвяраванняў складае блізу 4,8 млрд швэдскіх кронаў, і гэтая падтрымка з'яўляецца часткай 19-га пакету дапамогі, вылучанага сёлета.
Міжнародная супольнасць стварыла шэраг шматбаковых фондаў і ініцыятываў, накіраваных на набыццё матэрыялаў і абсталявання для ўмацавання абароназдольнасці Украіны. Стакгольм робіць унёскі ў некалькі з іх.
Кіраўнік швэдскага Мінабароны Пол Ёнсан падкрэсліў, што гэтыя сродкі зробяць Узброеныя сілы Украіны і ўкраінскую абаронную прамысловасць «мацнейшай у абароне ад Расеі».
Сярод іншага размова ідзе пра ўнёскі ў некалькі кааліцый магчымасцяў у рамках Кантактнай групы ў пытаннях абароны Украіны ў фармаце «Рамштайн»:
Кааліцыя размінавання: 100 млн кронаў (блізу $10,5 млн). На гэтыя грошы прафінансуюць набыццё абсталявання для размінавання.
Кааліцыя дронаў: 300 млн кронаў (блізу $31,5 млн). Швэцыя дапаможа прафінансаваць набыццё розных тыпаў беспілотнікаў.
Кааліцыя бяспекі на моры: 50 млн кронаў (блізу $5,2 млн). Швэдскі ўнёсак дапаможа фінансаваць навучанне асабовага складу ВМС Украіны ў рамках аперацыі Intercharge.
Кааліцыя сістэмаў бяспекі і кіравання ІТ: 30 млн кронаў (блізу $3,1 млн). Сродкі пойдуць на набыццё абсталявання для стварэння ўкраінскай сістэмы кіравання сістэмай Delta.
Таксама швэдскі ўрад узгадніў далейшы ўнёсак у «дацкую мадэль» набыцця зброі. Цяпер Стакгольм пастанавіў дадаткова вылучыць больш за 1 млрд швэдскіх кронаў (блізу $105 млн).
Акрамя таго, урад пастанавіў вылучыць 418 млн швэдскіх кронаў (блізу $ 43,9 млн) на набыццё абсталявання для бронятэхнікі.
Таксама ўрад пастанавіў падтрымаць дзве шматбаковыя ініцыятывы ў набыцці боепрыпасаў, сярод іх чэшскую. На гэта вылучаць дадатковыя 550 млн швэдскіх кронаў (блізу $57,7 млн).
У дадатак урад вылучае больш за 1 млрд швэдскіх кронаў на набыццё як сістэмаў супрацьпаветранай абароны, так і дальнабойных беспілотнікаў.