У МУС Літвы расказалі пра ўзмацненне мяжы з Беларуссю
- 27.05.2025, 11:26
Сродкі на гарантаванне бяспекі можа вылучыць Еўразвяз.
Міністр унутраных спраў Літвы Уладзіслаў Кандратовіч заявіў, што ўжо цяпер неабходна задумацца пра абнаўленне тэхнічнага абсталявання на мяжы з Беларуссю і Расеяй, паведамляе LRT.
“Мы бачым, што сапраўды неабходна інвеставаць у абсталяванне, уключаючы абсталяванне для назірання. На жаль, сістэмы маюць ўласцівасць з часам старэць. Нам трэба пачаць падрыхтоўку да абнаўлення ўсіх сістэм ужо сёння", - заявіў міністр журналістам у панядзелак падчас візіту на мяжу з Беларуссю разам з камісарам Еўрапейскай камісіі ўнутраных спраў і міграцыі Магнусам Брунерам.
Паводле яго, неабходна таксама абсталяваць пад'язныя шляхі да дзяржаўнай мяжы.
"Як мы бачым, аператыўнае рэагаванне дазваляе своечасова абараняць нашу мяжу і стрымліваць нелегальных мігрантаў, якіх выкарыстоўваюць як зброю супраць нашай краіны, ад перасячэння нашай мяжы”, — сказаў міністр.
Паводле яго, нельга забываць і пра падрыхтоўку памежнікаў. Кандратовіч выказаў надзею, што Еўразвяз выдасць сродкі на гарантаванне бяспекі межаў.
"Калі б была такая магчымасць прафінансаваць гэтыя праекты, гэта было б сапраўды добра", - сказаў ён.
Кандратовіч заклікаў Еўракамісію ўлічваць фінансавыя патрэбы памежных краін ЕЗ, такіх, як Літва, звязаныя з умацаваннем бяспекі вонкавых межаў і крытычнай інфраструктуры, падчас перамоў пра будучыню шматгадовага бюджэту супольнасці.