Мянчанка пакінула трох дзяцей бабулі і з'ехала жыць у РФ
- 6.05.2025, 11:04
Яе пазбавілі бацькоўскіх правоў.
На патрабаванне пракуратуры суд пазбавіў 29-гадовую мянчанку бацькоўскіх правоў на трох дзяцей.
Паводле інфармацыі нагляднага ведамства, з 2022 года «маці не задавальняла асноўныя жыццёвыя патрэбы сваіх дваіх сыноў і дачкі». Так, у доме «сістэматычна адсутнічала ежа, прызначаная для дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту». З гэтай прычыны ў сакавіку 2022 года непаўналетніх прызналі ў сацыяльна небяспечным становішчы, піша «Зеркало».
Як адзначылі ў пракуратуры, прафілактычная праца сітуацыю ў сям'і не змяніла.
«Жанчына самаўхілілася ад выканання бацькоўскіх абавязкаў. У лютым 2023 года яна з'ехала ў Расейскую Федэрацыю, дзе ў сакавіку таго ж года зарэгістравала шлюб. Пасля гэтага да дзяцей не вярталася. Выхаваннем і ўтрыманнем непаўналетніх маці не займалася, толькі часам ім тэлефанавала», - распавялі ў пракуратуры.
Дзеці засталіся на апецы 44-гадовай бабулі. У чэрвені 2024 года яе прызначылі іх апекуном.
«У мэтах недапушчэння адмоўнага ўздзеяння на дзяцей, забеспячэння ім нармальных умоў для жыцця пракурор Кастрычніцкага раёна звярнуўся з пазовам у суд аб пазбаўленні маці бацькоўскіх правоў», - адзначылі ў пракуратуры.
Жанчына на судовае пасяджэнне не з'явілася. Яна толькі даслала паведамленне, у якім прасіла разгледзець грамадзянскую справу ў яе адсутнасць.
У выніку суд задаволіў пазоўныя патрабаванні пракурора. Маці пазбавілі бацькоўскіх правоў, а дзяцей перадалі апекуну — бабулі. Таксама суд спагнаў з маці выдаткі на ўтрыманне непаўналетніх, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні.
Пастанова суда не ўступіла ў законнае дзеянне і можа быць абскарджаная.