СМІ: Бульбяная спрэчка сутыкнула Пуціна і Лукашэнку
- 1.06.2025, 10:24
Гэтая тэма, верагодна, выкліча шмат дэбатаў у найбліжэйшыя месяцы.
У апошнія месяцы беларусы занепакоеныя рэзкім ростам коштаў бульбы ў краіне, і гэтая тэма выклікала бурныя абмеркаванні ў сацыяльных сетках. На праблему звярнулі ўвагу многія замежныя СМІ. У тым ліку – з Узбекістана.
Кошт бульбы, вядомай як «другі хлеб» краіны, вырас з 0,3–0,4 еўра за кілаграм да 1,4 еўра. Гэта каласальная змена для краіны, якая штогод вырабляе мільёны тонаў бульбы, піша zamin.uz.
Рост коштаў бульбы не толькі паўплываў на паўсядзённае жыццё простых людзей, але і выклікаў напружанасць у стасунках паміж Пуціным і Лукашэнкам.
У пачатку траўня сёлета Аляксандр Лукашэнка прызнаў, што ў краіне назіраецца дэфіцыт бульбы, абвінаваціўшы ў гэтым найперш мясцовых фермераў. Лукашэнка таксама пачаў абвінавачваць суседнюю краіну, адзначыўшы, што бульба, адзін з асноўных экспартных тавараў краіны, у празмерных колькасцях прадаецца ў Расею.
Беларусь сапраўды з'яўляецца адным з асноўных экспарцёраў бульбы ў Расею. У 2024 годзе краіна прадала ў Расею больш за 170 тыс. тонаў бульбы. Аднак гэты гандаль таксама прывёў да дэфіцыту на ўнутраным рынку Беларусі.
Падобная сітуацыя назіраецца і ў Расеі. 26 траўня Пуцін на сустрэчы з прадпрымальнікамі звярнуў увагу на бульбяную праблему ў краіне і прапанаваў дадаткова павялічыць набыццё бульбы з Беларусі. У той час калі намеснік кіраўніка адміністрацыі Пуціна Максім Арэшкін заявіў, што ў Беларусі таксама няма запасаў бульбы, Пуцін не змог схаваць свайго здзіўлення.
З таго часу Лукашэнка змяніў сваю пазіцыю. Некалькі дзён таму падчас візіту ў Берасцейскую вобласць ён звярнуўся да фермераў з заклікам павялічыць пасадкі бульбы, каб палепшыць сітуацыю. Ён таксама рэкамендаваў простым людзям саджаць бульбу на сваіх надзелах.
Выглядае, што бульбяное пытанне набыло для Беларусі не толькі эканамічнае, але і геапалітычнае значэнне. Лукашэнка нават пагадзіўся зняць забароны на імпарт гародніны і садавіны з Еўразвязу, які раней называлі «ворагам», каб змякчыць сітуацыю.
На думку экспертаў, істотнае зніжэнне вытворчасці бульбы сёлета адбылося праз рэзкі рост затратаў на сельгаспрадукцыю. Рост коштаў паліва, угнаенняў, тэхнікі і заробку працоўных стварыў сур'ёзныя праблемы для фермераў. Акрамя таго, на зніжэнне ўраджаю негатыўна паўплывалі халады. Да ўсяго нястача складоў для захоўвання бульбы і вызначаныя дзяржавай кошты прадукцыі таксама наносяць вялікую шкоду дзейнасці фермераў.
На фоне росту коштаў бульбы Беларусь увяла жорсткі кантроль за экспартам бульбы, асабліва ў Расею, на сваіх межах. Краіна спрабуе стабілізаваць сітуацыю на ўнутраным рынку.
Карацей кажучы, бульбяное пытанне ў Беларусі стала не толькі ўнутраным эканамічным пытаннем, але і геапалітычным, якое паўплывала на стасункі Пуціна і Лукашэнкі. Гэтая тэма, верагодна, выкліча шмат палітычных дэбатаў у найбліжэйшыя месяцы.