BE RU EN

CNN: Трампа перасталі баяцца

  • 1.06.2025, 12:23

Сусветныя лідары пастанавілі, што прэзідэнт ЗША не такі моцны, як ён думае.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп быў цалкам упэўнены ў сваёй асабістай усёмагутнасці і ў тым, што здольны змяніць свет. Ён выхваляўся тым, што ягоныя «вельмі добрыя стасункі» з Уладзімірам Пуціным або Сі Цзіньпінам чароўным чынам развяжуць глыбокія геапалітычныя і эканамічныя праблемы паміж сусветнымі дзяржавамі. Аднак падобна, у яго гэта атрымліваецца не вельмі добра, бо сусветныя лідары не адчуваюць перад ім страху, піша CNN.

«Трамп можа запалохваць тэхналагічных тытанаў, прымушаючы іх прытрымлівацца сваёй лініі, і выкарыстоўваць дзяржаўную ўладу, спрабуючы нахіліць такія інстытуты, як Гарвардскі ўніверсітэт і суддзі, але некаторых сусветных лідараў запалохаць складаней», – гаворыцца ў артыкуле.

Так, расейскі лідар Уладзімір Пуцін ігнаруе намаганні ЗША ў спыненні вайны ва Украіне, фактычна прыніжаючы яго. Расейскія СМІ цяпер малююць Трампа як звычайнага балбатуна, заявы якога ніколі не прыводзяць да якіх-небудзь наступстваў.

Трамп таксама думаў, што зможа падпарадкаваць сваёй волі Кітай, саштурхнуўшы лідара Сі Цзіньпіна ў гандлёвай вайне. Аднак аўтарытарны Пекін відавочна не збіраецца схіліцца перад прэзідэнтам ЗША. І, як і ў выпадку з Кітаем, Трамп таксама адступіў у сваёй тарыфнай вайне з Еўрапейскім Звязам. Трамп таксама не змог справіцца з прэм'ерам Ізраіля Біньямінам Нетаньяху ў пытанні канфлікту ў Газе, піша CNN:

«Сусветныя лідары пераследуюць свае ўласныя нацыянальныя інтарэсы, якія існуюць у паралельнай рэальнасці ад памкненняў амерыканскіх прэзідэнтаў. Большасць з іх не ўспрымальныя да асабістых заклікаў, якія не патрабуюць аддачы. І пасля таго як Трамп паспрабаваў прынізіць у Авальным кабінеце прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага і прэзідэнта ПАР Сірыла Рамафосу, прывабнасць Белага дому слабее».

Папулізм Трампа «Амерыка перш за ўсё» грунтуецца на перадумове, што ЗША дзесяцігоддзямі абкрадвалі, не беручы да ўвагі той факт, што іх хаўрусы зрабілі іх самай магутнай краінай у гісторыі планеты. Цяпер, удаючы з сябе сілавіка, якому ўсе павінны падпарадкоўвацца, ён разбурае мяккую сілу ЗША – здольнасць пераконваць – сваёй ваяўнічасцю.

«Першыя чатыры месяцы прэзідэнцтва Трампа з ягонымі тарыфнымі пагрозамі, папярэджаннямі пра тэрытарыяльную экспансію ЗША ў Канадзе і Грэнландыі і знішчэннем глабальных праграмаў гуманітарнай дапамогі паказваюць, што астатні свет атрымлівае права голасу ў дачыненні да таго, што адбываецца. Пакуль што лідары Кітая, Расеі, Ізраіля, Еўропы і Канады, здаецца, пастанавілі, што Трамп не такі моцны, як ён думае, што няма адплаты за тое, каб кінуць яму выклік, або што іх уласная ўнутраная палітыка робіць супраціў абавязковым», – падсумоўвае выданне.

Апошнія навіны