BE RU EN

Заходнія санкцыі ў сферы чыпаў б'юць па войску Расеі

  • 1.06.2025, 16:28

Расейскае войска моцна залежыць ад паўправадніковых чыпаў Intel, AMD і Nvidia.

Узброеныя сілы РФ у значнай ступені залежаць ад заходніх паўправадніковых тэхналогій і таму моцна цярпяць ад санкцый ЗША і Еўразвязу. Пра гэта паведаміў у нядзелю, 1 чэрвеня, нямецкі штотыднёвік Bild am Sonntag са спасылкай на ўнутраныя дакументы расейскай кампаніі «Навукова-вытворчае аб'яднанне вылічальных сістэм» (НДА ВС), якая распрацоўвае праграмнае забеспячэнне і вырабляе абсталяванне, прынамсі, для войска РФ, паведамляе DW.

Як адзначае Bild am Sonntag, расейскае войска ўстрывожанае сваёй залежнасцю ад заходніх чыпаў, вырабленых такімі кампаніямі, як Intel, AMD і Nvidia. «Расейскія чыпы саступаюць канкурэнтам у прадукцыйнасці і энэргаэфектыўнасці, яны таксама значна даражэйшыя», - гаворыцца ва ўнутраным лісце аднаго з супрацоўнікаў НДА ВС. З ягоных слоў, РФ адстае ад канкурэнтаў як мінімум на дзесяць гадоў.

Праз санкцыі ЗША і Еўразвязу Расея не можа закупляць паўправадніковае абсталяванне наўпрост і вымушаная набываць яго абходнымі шляхамі. Кампанія «Вылічальныя сістэмы» выкарыстоўвае для гэтага разгалінаваную сістэму пасярэднікаў, адзначае нямецкі штотыднёвік.

Унутраныя дакументы прадпрыемства сведчаць таксама аб тым, што Расея спрабуе аслабіць сваю залежнасць ад амерыканскіх чыпаў. У якасці альтэрнатывы разглядаюцца, напрыклад, вытворцы з Кітая. Аднак кіраўніцтва НДА ВС адмаўляецца і ад гэтага варыянту закупаў, бо ў такім выпадку, як гаворыцца ў адной са справаздач, «пастаўшчык з адной патэнцыйна варожай краіны (ЗША) будзе заменены на пастаўшчыка з іншай патэнцыйна варожай краіны (КНР)».

Масіў звестак, прааналізаваных Bild am Sonntag, складаецца з 1,1 млн дакументаў, у тым ліку электронных лістоў, кантрактаў і прэзентацый, на некаторых з іх стаіць грыф «цалкам сакрэтна».

У верасні мінулага года дарадца Офіса прэзідэнта Украіны Уладзіслаў Уласюк заявіў, што 60 адсоткаў усіх замежных дэталяў для расейскіх узбраенняў паступае праз Кітай. Са слоў Уласюка, важныя дэталі, якія выкарыстоўваюцца ў выведвальнай тэхніцы, дронах і ракетах, таксама адпраўляюцца з ЗША, Японіі, Нідэрландаў, Швэйцарыі і іншых заходніх краін.

Апошнія навіны