Дык ці з'явілася бульба?
- 10.06.2025, 10:49
Беларусы незадаволеныя якасцю гэтага прадукту.
Клубніцы, пабітыя градам. Ураджаю яе наўрад ці дачакаешся. Ад наступстваў стыхіі пакутуюць і іншыя культуры. Але ці толькі з-за клімату і надвор'я не стае садавіны і гародніны?
«Мы ў зоне рызыкоўнага земляробства менавіта з-за варункаў надвор'я, кліматычных варункаў. Сёлета незвычайная вясна, не такая, як заўсёды, больш халодная, - распавёў «Белсату» спецыяліст у сельскай гаспадарцы Мікалай Лысянкоў.
Але прычына неўраджаю, напрыклад, той жа бульбы, не толькі ў надвор'і, адзначае ён:
«Навошта фермеру вырошчваць раннія гатункі бульбы, якія даюць меншы ўраджай, і ён ведае, што цана бульбы фіксаваная».
Роўна месяц таму Аляксандр Лукашэнка выказаўся пра дэфіцыт бульбы ў айчынных крамах. Пры гэтым паабяцаў: неўзабаве тавар будзе. А падчас сённяшняй сустрэчы з губернатарам Калінінградскай вобласці Лукашэнка пры выпадку пахваліўся:
«Мне ўжо сёння ўрад паведаміў, што свежая маладая бульбачка беларуская на прылаўкі пайшла».
Журналісты агледзелі, якую бульбу на гэты момант прапануе сетка «Еўраопт» праз сайт «e-дастаўка». З маладой бульбы ёсць толькі імпартная з Азербайджана. Амаль чатыры рублі за кілаграм. Беларуская бульба ёсць, але не маладая. І, зрэшты, нятанная: 3 рублі 59 капеек і 4 рублі 39 капеек. І гэта ўжо зніжка.
Што ж тычыцца якасці, усё напісана ў каментарах, у асноўным негатыўных. Напрыклад:
«Горшай бульбы я ў сваім жыцці не бачыў. Такое толькі жывёлам у хлявах даваць».
Як прызнаюць улады, сёлета на Берасцейшчыне праз замаразкі знішчаныя прынамсі 30% ураджаю яблыкаў. Складаныя варункі надвор'я ўжо адбіліся на цэнах такіх сезонных культур, як клубніцы. Іх у Гомелі прадаюць па 18 рублёў за кілаграм. На менскай Камароўцы клубніцы каштуюць ад 16 да 20 рублёў.