На аўкцыён трапіў цэлы катэджны квартал з 90-х
- 10.06.2025, 19:39
Недабудаваны дом можна купіць за 20 тысяч даляраў.
На тэрыторыі мікрараёна Паўночны ў Бабруйску больш за 25 гадоў пустуюць некалькі недабудаваных камяніц. У гэтым годзе закінутыя таўнхаусы, нарэшце, патрапілі на аўкцыён. Інфармацыя пра гэта з'явілася на сайце Дзяржкамітэта маёмасці. Журналісты Realt надумалі ўспомніць гісторыю гэтых будынкаў і заадно расказаць, колькі яны цяпер каштуюць.
Блакаваныя дамы і асобныя камяніцы на вуліцы Дняпроўскай флатыліі ў Бабруйску пачалі будаваць яшчэ ў канцы 1990-х гадоў. Будаваў іх мясцовы завод буйнапанэльнага домабудавання. З адных звестак жыллё планавалі раздаць работнікам прадпрыемства, з іншых — прадаць заможным бабруйцам. Так ці інакш, працы на аб'екце спыніліся, а недабудаваныя дамы былі «замарожаныя» на доўгі час.
У 2000-я гады гэтая частка горада пачала актыўна забудоўвацца. Тут з'явіўся 5-ы мікрараён, які пазней перайменавалі ў Паўночны. Сёння на тэрыторыі мікрараёна размяшчаюцца шматкватэрныя жылыя дамы, а таксама школа, дзіцячы сад, гандлёвыя цэнтры, паліклініка і рынак «Паўночны». Непадалёк працякае і рака Бярэзіна.
Пры гэтым развіццё мікрараёна ніяк не паўплывала на лёс малапавярховага квартала, схаванага за будаўнічым парканам. Камяніцы і блакаваныя дамы (слова таўнхаус тады яшчэ было ў навінку) доўгія гады ахоўваліся, але заставаліся пустымі.
У выніку, некалькі гадоў таму ўласнікам шасці недабудаваных аб'ектаў на вуліцы Дняпроўскай флатыліі зноў стаў Бабруйскі завод ККД. Як распавядалі на прадпрыемстве ў пачатку гэтага года, тры недабудаваныя дамы пастанавілі зруйнаваць, а яшчэ тры (найбольш гатовыя) — выставіць на продаж.
Цяпер усе тры камяніцы з 90-х прадстаўленыя на аўкцыёне, які праводзіць Магілёўскі філіял РУП «Інстытут нерухомасці і ацэнкі».
Самы недарагі варыянт - гэта недабудаваны трохпавярховы дом плошчай 234 квадратныя метры. Камяніца стаіць на пляцы 9 сотак. Яе пачатковы кошт складае 58,8 тысячы рублёў (19,7 тысячы даляраў).
Трохі даражэй будзе каштаваць недабудаваны трохпавярховы дом плошчай 279 квадратных метраў. Ён таксама размешчаны на ўчастку 9 сотак. Яго пачатковы кошт складае 61,8 тысячы рублёў (20,7 тысячы даляраў).
Ну, а самая дарагая прапанова - недабудаваны двухпавярховы будынак плошчай 1423 квадратныя метры. Да пабудовы (у рэальнасці — гэта тры блакаваныя дамы) прыкладаецца зямельны надзел на 25 сотак. Стартавы кошт аб'екта складае 291,6 тысячы рублёў (97,6 тысячы даляраў).
Праводзіць аўкцыён Магілёўскі філіял РУП «Інстытут нерухомасці і ацэнкі». Таргі пры наяўнасці заяўнікаў пройдуць 19 чэрвеня на адрасе: Магілёў, Першамайская, 77.