Нямеччына падазрае РФ у запуску дронаў з караблёў
- 10.06.2025, 14:30
Ля берагоў краіны ўсё часцей назіраюць БПЛА.
Заходнія спецслужбы зыходзяць з таго, што Расея запускае выведвальныя беспілотнікі з караблёў у Паўночным і Балтыйскім морах. Пра гэта гаворыцца ў журналісцкім расследаванні нямецкіх медыякампаній WDR і NDR і газеты Süddeutsche Zeitung (SZ), апублікаваным у аўторак, 10 чэрвеня, піша «Нямецкая хваля».
У расследаванні згадваецца, выпадак з грузавым суднам HAV Dolphin, якое адразу пасля рамонту ў Калінінградзе больш за восем дзён прастаяла на якары ў Кільскай бухце, дзе дыслакуецца 1-я флатылія ВМС Нямеччыны. Калі паблізу ваенна-марской базы былі заўважаныя БПЛА, нямецкія ўлады надумалі праверыць судна Dolphin. Паводле інфармацыі журналістаў, федэральная паліцыя не выявіла там дронаў, аднак устанавіла, што ўвесь экіпаж з сямі чалавек складаецца з грамадзян Расеі.
15 траўня HAV Dolphin прыбыло ў нідэрландскі Ратэрдам - там судна таксама агледзелі, аднак пацвердзіць падазрэнні ў яго дачыненні да шпіянажу або дыверсій таксама не ўдалося, гаворыцца ў расследаванні. Пазней уладальнікі HAV Dolphin заявілі, што зазналі праверку неабгрунтавана, у кампаніі няма кліентаў у Расеі, а расейскі экіпаж быў наняты дзякуючы яго «досведу і высокім стандартам якасці».
Міністэрства ўнутраных спраў зямлі Шлезвіг-Гальштэйн на запыт журналістаў пацвердзіла, што з пачатку 2025 года ля ўзбярэжжа гэтага нямецкага рэгіёну «паблізу адчувальных прамысловых і вайсковых аб'ектаў» былі заўважаныя 34 падазроныя БПЛА. Паводле інфармацыі NDR, WDR і SZ, агульная колькасць выпадкаў назірання дронаў уздоўж усяго ўзбярэжжа Нямеччыны можа даходзіць да 100.
Еўрапейскія службы бяспекі згодныя ў тым, што прынамсі частка гэтых дронаў запускаецца з цывільных суднаў, якія належаць да расейскага «ценявога флоту».
Акрамя таго, прадстаўнік Узброеных Сіл ФРГ (бундэсвера) сказаў журналістам, што сістэмы для запуску БПЛА з судоў «даступныя на цывільным рынку».