ЕЗ падрыхтаваў новы пакет санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі
- 10.06.2025, 16:39
Новыя абмежаванні павінны пашырыць фінансавую блакаду рэжыму.
Еўрапейская камісія падрыхтавала новы, ужо 18-ы пакет санкцый супраць Расеі і рэжыму Лукашэнкі за агрэсію супраць Украіны. Сярод прапаноў — поўная забарона на аперацыі з беларускімі банкаўскімі структурамі. Пра гэта «Радыё Свабода» даведалася ад інфармаваных крыніц у Брусэлі.
18-ы пакет санкцый накіраваны на далейшае абмежаванне вайскова-прамысловага патэнцыялу Расеі, якая з 2022 года вядзе поўнамаштабную вайну супраць Украіны. Беларусь уключаная ў пакет санкцый, бо рэжым Лукашэнкі падтрымлівае расейскую агрэсію.
У падрыхтаваным пакеце санкцый фігуруюць чатыры беларускія кампаніі, якія дзейнічаюць у галіне абароны і вайсковай прамысловасці. Іх публічна назавуць пазней. Еўракамісія прапануе замарозіць іх актывы і забараніць весці бізнэс у межах ЕЗ.
Акрамя гэтага, Еўракамісія таксама прапанавала пашырыць сектаральныя абмежаванні для Беларусі. Сярод іх поўная забарона на аперацыі з беларускімі банкаўскімі структурамі, якая раней тычылася толькі фінансавых паведамленняў (de — SWIFTing - адключэнне ад міжнароднай сістэмы банкаўскіх міждзяржаўных разлікаў SWIFT, якое істотна абмяжоўвае магчымасці банкаў праводзіць аперацыі за мяжой), а цяпер ператвараецца ў поўную забарону транзакцый.
Таксама ўпершыню пад забарону трапляе імпарт узбраенняў з Беларусі ў ЕЗ.
Каб узмацніць кантроль за магчымым абыходам абмежаванняў, ЕЗ прапануе пашырыць спіс тавараў і тэхналогій, якія могуць выкарыстоўвацца для ўмацавання беларускай вайсковай і прамысловай базы. Гаворка ідзе пра машыны, хімікаты, асобныя віды металаў і пластыкаў. Забараняецца таксама транзіт шэрагу тавараў праз тэрыторыю Беларусі.
Як тлумачыць еўрапейскі рэдактар Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода Рыкард Юзвяк, распрацаваны Еўракамісіяй 18-ы пакет санкцый павінны ўзгадніць прадстаўнікі ўсіх 27 краін Еўразвязу. Прыняцце дакумента чакаецца цягам чэрвеня.
У папярэднім, 17-м пакеце, зацверджаным Радай ЕЗ у гэтым годзе 20 траўня, былі ўведзеныя санкцыі супраць менскага завода колавых цягачоў (МЗКЦ). У абгрунтаванні гаварылася, што «Мінскі завод колавых цягачоў — беларускае вайскова-прамысловае прадпрыемства, якое распрацоўвае вайсковую тэхніку для Узброеных Сіл РФ і падтрымлівае абараназдольнасць Расеі».
Улетку 2024 года Еўразвяз абвясціў аб сектаральных санкцыях супраць Расеі і Беларусі. Тады ўжо быў уведзены шэраг абмежаванняў супраць беларускай фінансавай сістэмы:
абмежаванне доступу да SWIFT для Белаграпрамбанка, Банка Дабрабыт і Банка развіцця Рэспублікі Беларусь», а таксама іх беларускім даччыных структур;
забарона аперацый з Нацыянальным банкам Беларусі, звязаных з кіраваннем рэзервамі або актывамі, а таксама дзяржаўным фінансаваннем для гандлю з Беларуссю і інвестыцый у Беларусь;
забарона лістынга і выканання паслуг у дачыненні да акцый беларускіх дзяржаўных арганізацый на гандлёвых пляцоўках ЕЗ;
істотнае абмежаванне фінансавых паступленняў з Беларусі ў ЕЗ, забарона прымаць дэпазіты, якія перавышаюць 100 000 еўраў, ад беларускіх грамадзян або рэзідэнтаў Беларусі, трымаць рахункі беларускіх кліентаў у цэнтральных дэпазітарыях каштоўных папер ЕЗ, а таксама прадаваць каштоўныя паперы, намінаваныя ў еўрах, беларускім кліентам;
забарона пастаўкі ў Беларусь банкнот еўраў.