Беспарадкі ў ЗША перакінуліся з Каліфорніі на іншыя штаты
- 10.06.2025, 18:13
Пратэсты праходзяць у найбуйнейшых гарадах Кентукі і Джорджыі.
Пратэсты ў ЗША, распачатыя ў Лос-Анджэлесе праз рэйды супраць нелегальных мігрантаў, распаўсюдзіліся на Тэхас, паведамляе CNN. У Лос-Анджэлесе (штат Каліфорнія) з 8 чэрвеня разгорнутае першае падраздзяленне Нацгвардыі ЗША.
Паводле словаў тэхаскага губернатара Грэга Эбата, пратэставыя выступы адбыліся ў гарадах Осцін і Далас, арыштаваныя дзясяткі дэманстрантаў. «Паліцэйскім кіраваннем Осціна і дэпартаментам грамадскай бяспекі штата Тэхас у Осціне было арыштавана больш за дзесяць пратэстоўцаў. Мірны пратэст з'яўляецца законным. Але як толькі вы пяройдзеце рысу, вас арыштуюць», – напісаў ён у сацсетцы Х.
CNN паведамляе, што антыіміграцыйныя пратэсты праходзяць і ў іншых частках краіны, уключаючы найбуйнейшыя гарады амерыканскіх штатаў Кентукі і Джорджыя – Луісвіль і Атланта. Паліцыя Нью-Ёрка заявіла, што арыштавала «мноства» пратэстоўцаў, якія выйшлі на акцыю перад будынкам аддзялення Іміграцыйнай і мытнай паліцыі ЗША (ICE).
Пратэсты ўспыхнулі пасля таго, як 6 чэрвеня іміграцыйная паліцыя правяла рэйды ў Лос-Анджэлесе. Сілавікі ўжывалі светлашумавыя гранаты і слезацечны газ, дзясяткі чалавек былі затрыманыя. Да вечару 7 чэрвеня прэзідэнт ЗША Дональд Трамп загадаў Пентагону ўвесці ў Лос-Анджэлес вайскоўцаў Нацгвардыі. На вуліцах горада вайскоўцы з вінтоўкамі з'явіліся ўжо 8 чэрвеня. Усяго, паводле словаў Трампа, у Лос-Анджэлес прыбудуць 2 тыс. вайскоўцаў Нацгвардыі для супрацьстаяння дэманстрацыям.