BE RU EN

Еўракамісія апублікавала праект новых санкцый супраць Расеі

  • 10.06.2025, 18:29

ЕК мае намер знізіць кошты нафты з РФ і адключыць ад SWIFT 22 банкі.

Еўрапейская камісія 10 чэрвеня апублікавала праект новага санкцыйнага пакету супраць Расеі, які накіраваны на абмежаванне энэргетычнага і банкаўскага сектараў РФ. Пра гэта на брыфінгу паведаміла прэзідэнтка ЕК Уршуля фон дэр Ляен. Прэс-канферэнцыя транслявалася на яе старонцы ў сацсетцы X.

«Сёння мы ўзмацняем ціск на Расею з дапамогай 18-га пакету жорсткіх санкцыяў. Арыентацыя – на энэргетычны і банкаўскі сектары Расеі. Мы пашыраем экспартныя забароны і кантроль, а таксама ўзмацняем захады ў супрацьдзеянні абыходу», – заявіла яна.

Фон дэр Ляен дадала, што Еўракамісія прапануе ўвесці забарону на транзакцыі ў дачыненні да газаправодаў «Паўночны струмень – 1» і «Паўночны струмень – 2». Паводле ейных словаў, «гэта азначае, што ніводзін аператар ЕЗ не зможа наўпрост ці ўскосна ўдзельнічаць у якой-небудзь транзакцыі ў дачыненні да трубаправодаў «Паўночны струмень».

Праект таксама прадугледжвае зніжэнне коштавай столі расейскай нафты з $60 да $45 за бараль і пашырэнне санкцыйнага спісу ў дачыненні да судоў расейскага «ценевага флоту». Прэзідэнтка Еўракамісіі дадала, што зніжэнне коштавай столі будзе абмяркоўвацца на саміце «Вялікай сямёркі» ў Канадзе ў пачатку наступнага тыдня, каб хаўруснікі маглі скаардынаваць пазіцыі.

Акрамя таго, Еўракамісія плануе адключыць ад сістэмы SWIFT яшчэ 22 расейскія банкі, а таксама забараніць краінам ЕЗ набываць нафтапрадукты з расейскай сыравіны.

Апошнія навіны