ААН: Украінскія бежанцы генеруюць 2,7% ВУП Польшчы
- 10.06.2025, 18:49
Украінцы спрыяюць эканамічнаму росту краіны.
Украінцы, якія знаходзяцца ў Польшчы, зрабілі значны ўнёсак у эканамічны рост краіны і не нанеслі страты мясцоваму рынку працы.
Пра гэта сведчыць супольная справаздача кансалтынгавай кампаніі Deloitte і Управы Вярхоўнага камісара ААН у справах бежанцаў (УВКБ), інфармуе RMF FM.
Паводле справаздачы «Аналіз уплыву бежанцаў з Украіны на эканоміку Польшчы», у 2024 годзе бежанцы з Украіны забяспечылі 2,7% польскага ВУП. Узровень занятасці сярод украінцаў працаздольнага ўзросту ў Польшчы дасягае 69%, у той час як для палякаў гэты паказнік складае 75%.
Аўтары даследавання адзначаюць, што масавы прыток бежанцаў з Украіны не выклікаў росту беспрацоўя ці зніжэння рэальных заробкаў у Польшчы. Наадварот, прысутнасць украінцаў стымулявала рост занятасці сярод палякаў і павышэнне прадукцыйнасці прадпрыемстваў і працаўнікоў.
У той самы час Deloitte і УВКБ ААН вызначылі, што многія бежанцы з Украіны працуюць не паводле спецыяльнасці: толькі трэць украінцаў з універсітэцкімі дыпломамі займае пасады, якія патрабуюць вышэйшай адукацыі.
Акрамя таго, на працаўладкаванне ўплывае валоданне польскай мовай: украінцы, якія свабодна на ёй размаўляюць, зарабляюць у сярэднім на 700 злотых больш штомесяц у параўнанні з тымі, хто валодае польскай на пачатковым узроўні.
Справаздача Deloitte і УВКБ ААН грунтуецца на мадэлі, якая ўлічвае комплексны ўплыў на эканоміку і ўсе дзяржаўныя выдаткі – ад ПДВ да ўнёскаў у фонды медыцынскага і сацыяльнага страхавання.