BE RU EN

Расейскаму крыптабізнэсмэну ў ЗША пагражаюць дзясяткі гадоў зняволення

  • 10.06.2025, 19:16

Cуд выставіў 22 абвінавачанні супраць Юрыя Гуніна.

Генеральная пракуратура ЗША прад'явіла абвінавачанні расейскаму прадпрымальніку Юрыю Гугніну, уладальніку крыптавалютнай кампаніі Evita. Бізнэсмэна абвінавачваюць у адмыванні больш як 500 мільёнаў даляраў і дапамозе расейскім банкам у абыходзе амерыканскіх санкцый. Гугнін быў арыштаваны і паўстаў перад судом Нью-Ёрка.

З матэрыялаў справы вынікае, што расейскаму бізнэсмэну ставяць у віну 22 пункты абвінавачання, уключаючы банкаўскае махлярства, махлярства з выкарыстаннем электронных сродкаў, змову з мэтай падману ўладаў краіны, парушэнне Закона аб надзвычайных міжнародных эканамічных паўнамоцтвах (IEEPA), а таксама вядзенне незаконнага бізнэсу ў пераводзе фінансавых сродкаў і адмыванні грошай.

Намеснік генеральнага пракурора ЗША ў нацыянальнай бяспецы Джон Айзенберг паведаміў, што абвінавачаны выкарыстаў крыптавалютную кампанію як канал для пераводу больш як паўмільярда даляраў праз амерыканскую фінансавую сістэму, дапамагаючы санкцыйным расейскім банкам і спрыяючы набыццю расейскімі карыстальнікамі «важных амерыканскіх тэхналогій».

Следства сцвярджае, што Гугнін праз падкантрольныя яму кампаніі Evita Investments і Evita Pay адмываў крыптавалюту замежных кліентаў, у тым ліку з санкцыйных расейскіх банкаў. Паводле звестак следства, ён канвертаваў сродкі ў даляры і праводзіў плацяжы праз манхэтэнскія банкаўскія рахункі, хаваючы крыніцы і мэты транзакцый. З чэрвеня 2023 да студзеня 2025 года праз фінансавую сістэму ЗША, як мяркуецца, было пераведзена прыкладна 530 мільёнаў даляраў пераважна з выкарыстаннем стэйблкойна Tether.

Абвінавачанне таксама сцвярджае, што прадпрымальнік уводзіў у зман банкі і крыптабіржы, заяўляючы пра адсутнасць спраў з расейскімі кампаніямі, у той час як многія ягоныя кліенты знаходзіліся ў Расеі, уключаючы такія банкі як Ашчадбанк, Саўкамбанк, ВТБ і Цінькоф Банк. Паводле версіі следства, Гугнін асабіста выкарыстаў рахункі ў Альфа-Банку і Ашчадбанку для ўгодаў, знаходзячыся ў ЗША, дапамагаў кліентам набываць падкантрольную электроніку і адмываў грошы для маскоўскага пастаўшчыка кампанентаў для Расатама, фальсіфікуючы дакументы.

Пракурор Усходняй акругі Нью-Ёрка Джозэф Начэла-малодшы заявіў, што Гугнін прыехаў у ЗША і пад прыкрыццём крыптавалютнага стартапу арганізаваў схему адмывання грошай, ухілення ад санкцый і падману фінансавых установаў.

Следства мае звесткі, што прадпрымальнік усведамляў незаконнасць сваіх дзеянняў, пра што сведчаць ягоныя інтэрнэт-запыты, якія тычацца крымінальных расследаванняў, пакаранняў за адмыванне грошай і парушэнне санкцый.

Калі Гугніну вынесуць прысуд, яму пагражае да 30 гадоў турмы паводле кожнага пункта абвінавачвання ў банкаўскім махлярстве, да 20 гадоў за махлярства з электроннымі сродкамі, парушэнне IEEPA і адмыванне грошай, да 10 гадоў за невыкананне патрабаванняў у супрацьдзеянні адмыванню грошай і да 5 гадоў за змову з мэтай падману ЗША.

Апошнія навіны