У Шанхаі 432 робаты перамясцілі пабудову вагой 7500 тонаў
- 10.06.2025, 19:19
Відэафакт.
У Шанхаі правялі ўнікальны інжынерны праект: 432 робаты, якія крочаць, перамясцілі гістарычны комплекс Хуаяньлі вагой 7500 тонаў.
Гэта неабходна для будаўніцтва пад ім сучаснага трохпавярховага падземнага комплексу з культурнымі і камерцыйнымі зонамі плошчай 53000 квадратных метраў, паркінгам і новым транспартным вузлом, паведамляе New Voice.
Комплекс Хуаяньлі, пабудаваны ў 1920–1930-я гады, займае плошчу 4030 квадратных метраў і складаецца з будынкаў у стылі шыкумэнь – унікальнага спалучэння кітайскай і заходняй архітэктуры. Ён з'яўляецца часткай гістарычнага раёна Чжан'юань, якому ўжо больш за 140 гадоў.
Праз шчыльную гарадскую забудову і вузкія завулкі традыцыйная тэхніка была непрыдатная. Адмыслова для праекту былі распрацаваныя свідравыя робаты і землярыйныя машыны са складанымі маніпулятарамі, здольныя працаваць у праёмах шырынёй усяго 1,2 метра. Штучны інтэлект дапамагае гэтым машынам адрозніваць гліну і цвёрдыя перашкоды.
Перамяшчэнне будынка праходзіць з хуткасцю блізу 10 метраў за дзень, а для планавання маршрутаў выкарыстоўваліся 3D-мадэлі, створаныя на аснове воблака кропак. Пасля заканчэння падземных працаў гістарычны комплекс вернецца на сваё ранейшае месца, стаўшы часткай абноўленай гарадской прасторы, дзе гістарычная архітэктура суседнічае з сучаснымі аб'ектамі.