BE RU EN

Зяленскі раскрыў, якое пытанне будзе абмяркоўваць толькі з Пуціным

  • 10.06.2025, 19:30

Украінская дэлегацыя, якая ўдзельнічае ў перамовах з РФ, не мае паўнамоцтваў абмяркоўваць гэтае пытанне.

Украінская дэлегацыя, якая ўдзельнічае ў перамовах з Расеяй пра ўрэгуляванне вайны, не мае паўнамоцтваў абмяркоўваць тэрытарыяльныя пытанні, – гэта прэрагатыва толькі кіраўнікоў дзяржаваў. Пра гэта заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв'ю вугорскаму выданню Válasz Online.

Украінская дэлегацыя на аснове нададзенага Кіевам мемарандуму мае паўнамоцтвы абмяркоўваць спыненне агню і гуманітарныя пытанні, у тым ліку абмен палоннымі і вяртанне дзяцей, зазначыў Зяленскі.

«Аднак у іх няма мандата на абмеркаванне суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. Гэта нашая ўласная канстытуцыйная справа. Весці перамовы пра тэрыторыі – гэта праца мая і [прэзідэнта Расеі Уладзіміра] Пуціна. …> Я не буду абмяркоўваць сваю пазіцыю ў гэтым пытанні ні з кім іншым», – заявіў Зяленскі.

Ён паўтарыў тэзу, што Украіна не прызнае страчаныя тэрыторыі расейскімі дэ-юрэ. Аднак, паводле ягоных словаў, пры атрыманні «адэкватных» гарантый бяспекі, якія не дазваляюць прадаўжаць ваенныя дзеянні, «у нас будзе час развязаць тэрытарыяльныя пытанні». Зяленскі падкрэсліў, што размова ідзе пра дыпламатыю.

«Дыпламатычным шляхам, а не зброяй. І гэта ўжо вялікі кампраміс, таму што нам трэба будзе доўгі шлях», – сказаў ён.

Украінскі прэзідэнт дадаў, што Кіеву на перамовах патрэбны «моцны пасярэднік», каб «расейцы не маглі адмовіцца ад дасягнутых дамоўленасцяў». ЗША, на думку Зяленскага, цяпер не выяўляюць сябе ў такой якасці.

«Расейцы сказалі ім не садзіцца за стол перамоваў, і яны проста сышлі. Чаму? Праз іхнюю мяккую палітыку ў дачыненні да Расеі», – мяркуе ён.

Апошнія навіны