Зяленскі рэзка прайшоўся па РФ
- 10.06.2025, 21:52
Прэзідэнт Украіны назваў расейцаў «ашалелымі».
У выніку расейскага ўдару па Украіне быў пашкоджаны фасад Сафіі Кіеўскай. Акупанты прадукуюць толькі катастрофы.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на вечаровы зварот прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага.
Паводле словаў прэзідэнта Украіны, сёння яму дакладвалі вайскоўцы. Таксама была асобная размова з міністрам абароны Рустэмам Умеравым. Абмяркоўвалі супрацьдзеянне дронам і ўмацаванне СПА.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што расейцы зноў ужылі паўночнакарэйскую балістыку для ўдару па Украіне. Пры гэтым расейска-іранскія дронавыя тэхналогіі ўжо распаўсюджваюць у Паўночнай Карэі. Такі факт вельмі небяспечны як для Еўропы, так і для Усходняй і Паўднёваўсходняй Азіі.
«Чым даўжэй ідзе гэтая вайна на нашай зямлі, тым больш зменяцца тэхналогіі баявых дзеянняў і тым большая для ўсіх вырасце пагроза. На гэта трэба рэагаваць зараз, а не тады, калі тысячы ўдасканаленых “Шахедаў” і балістычных ракетаў пачнуць пагражаць Сеулу і Токіа», – падкрэсліў Зяленскі.
Таксама прэзідэнт нагадаў, што ў выніку сённяшняга ўдару былі пашкоджаныя звычайныя жылыя дамы. Пры гэтым у Адэсе часткова разбураная радзільня і кінастудыя.
У той самы час у Кіеве быў пашкоджаны нават Сафійскі сабор – праз выбуховую хвалю абрынулася частка фасада сабора
«Для ўсіх людзей, хто сапраўды ведае гісторыю і хто не чужы хрысціянству, любая нават пагроза пашкоджання або разбурэння Сафіі – гэта зусім недапушчальная рэч, катастрафічная. Але не для Расеі. Ашалелыя з “Шахедамі” і чырвонай кнопкай», – адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Паводле ягоных словаў, катастрофы з'яўляюцца сэнсам існавання акупантаў, нічога іншага пасля сябе яны не пакінуць. На такую сітуацыю трэба рэагаваць, бо ўвесь свет пераможа, калі Расею прымусяць закончыць вайну.