Беларусам на вока: Грузія мяняе правілы знаходжання замежнікаў
- 11.06.2025, 10:20
Што зменіцца.
Улады Грузіі зробяць больш жорсткімі правілы знаходжання замежных грамадзян. З'явіцца новы від пакарання - выправаджэнне з краіны і забарона на ўезд. Пра гэта расказаў выканаўчы сакратар кіроўнай партыі «Грузінская мара» Мамука Мдынарадзэ, паведамляе «Веснік Каўказа».
- У Крымінальны кодэкс дадаецца новы тып пакарання - выправаджэнне замежніка з Грузіі і забарона на ўезд у Грузію на пэўны тэрмін. У Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях таксама дадаецца новы тып адміністрацыйнага пакарання-выправаджэнне замежніка з Грузіі і забарона на ўезд замежніка ў Грузію, — заявіў Мамука Мдынарадзэ.
Ён таксама адзначыў, што будуць значна павялічаныя штрафы для замежнікаў, якія парушылі правілы знаходжання ў Грузіі. Акрамя таго, будзе істотна спрошчаная працэдура выправаджэння нелегалаў з краіны.
Цяпер беларусы могуць знаходзіцца ў Грузіі без візы або дазволу на жыхарства на працягу 365 дзён. Затым ёсць магчымасць зрабіць так званы візаран - з'ехаць з краіны і вярнуцца, абнуліўшы тэрмін знаходжання. Аднак апошнім часам адбываецца ўсё больш выпадкаў, калі беларусаў не пускаюць пасля візарана назад.