«Гэтае пытанне хвалюе значную частку беларусаў»
- 11.06.2025, 10:37
Рэжым займаецца не толькі незаконнай канфіскацыяй маёмасці.
За шырмай спрэчкі аб школьнай форме схаваўся зусім іншы падступны дэкрэт лукашыстаў, піша чытачка сайта Charter97.org:
- Калі казаць простымі словамі, то ўсе дзеці, якія зарэгістраваныя на беларускіх адрасах, павінны вучыцца ў беларускіх школах. Здаецца, нічога ніякага. А дзе ім яшчэ вучыцца? Але тут ёсць падводныя камяні.
Напрыклад, мая сям’я эвакуавалася ў Польшчу, а дзеці зарэгістраваныя на менскім адрасе толькі таму, што механізму іх адтуль выпісаць няма. То якім чынам яны могуць прымусіць хадзіць іх у беларускую школу? Пасмяяліся мы з мужам з гэтага абсурду, дый забыліся.
Але потым мы разважылі, што не ўсё так проста. Шмат хто выехаў за межы краіны, але рэгулярна ездзіць на Бацькаўшчыну. Напрыклад, мая сяброўка завозіць дзяцей да бабы з дзедам на цэлае лета.
І вось тут узнікае пытанне: прыехаць з дзецьмі дазволяць, а вось ці выпусцяць іх перад пачаткам навучальнага году за межы Беларусі?
І гэтае пытанне хвалюе значную частку беларусаў, што выехалі за межы краіны.
Рэжым займаецца не толькі незаконнай канфіскацыяй маёмасці, але надумаў заняцца і незаконным вяртаннем беларускіх дзяцей на радзіму. Не ведаю, хто сёлета рызыкне адправіць дзяцей да бабулі… Бо адна рэч рызыкаваць сабой, а зусім іншая — сваімі дзецьмі.
Так што пад восень, я думаю, мы ўбачым новы віток рэпрэсій. Ну а мы з мужам не выключаем, што розныя камісіі будуць грукацца ў замкнёныя дзверы нашай кватэры.