«Не вытрымліваюць нервы ў матуль»
- 11.06.2025, 11:03
Гэтая старонка будзе перагорнутая толькі тады, калі рэжым абрынецца.
Чытачка сайта Charter97.org расказала, як дыктатура ў Беларусі ўплывае на эмацыйны стан людзей:
- Але сёння ў паліклініцы лекар вывеў мяне з гэтага стану, быццам выліў цэбар халоднай вады на галаву. Прыслалі да нас неўрапатолага, то і пайшла я са сваім балячкамі да маладога спецыяліста. Доўга давялося мне чакаць у чарзе. Я ўжо і звыкла, прыняла, так скажам, гэтыя правілы гульні. Калі ж зайшла нарэшце ў кабінет, лекар пачаў прасіць прабачэння, што прымусіў мяне доўга чакаць. І тлумачэнне было сапраўды важкае: яго выклікалі на кансіліюм да пацыенткі, якая спрабавала скончыць жыццё самагубствам. Маладая дзяўчына. Адхаялі, разглядалі пастанову аб прымусовым лячэнні ў Навінках.
Гэта такая замалёўка сённяшняга дня… А пасля лекар падзяліўся сваімі назіраннямі. Як высвятляецца, у раёне вельмі высокі адсотак суіцыдальнай смяротнасці. І калі раней у такіх выпадках пераважалі мужчыны, што злоўжываюць алкаголем, то цяпер рэй вядуць жанчыны ад 16 да 55. Не вытрымліваюць нэрвы ў матуль, чыё сэрца баліць за сваіх дзяцей, якіх катуюць у турмах; у жанчын, якія ходзяць, азіраючыся, у чаканні, што да іх пагрукаюць, бо некалі недзе яны паставілі “падабайку” ў інтэрнэце.
Можа, камусьці хочацца сказаць, што, маўляў, старонку перагарнулі і жывём далей. На жаль, не, старонка гэтая будзе перагорнутая тады, калі рэжым абрынецца, сыдзе ў нябыт. А адпаведна з ім і страх і няўпэўненасць у заўтрашнім дні, якія не даюць вольна дыхаць і жыць, жыць і дыхаць.