УСУ прыдумалі спосаб, як спыніць войскі РФ
- 11.06.2025, 14:34
Украінскія вайскоўцы ламаюць планы расейцаў пра захоп тэрыторый.
Сілы абароны ажыццяўляюць меры контрдзеяння ворагу: атакі па поўдні Запарожскай вобласці з апусканнем тамтэйшага рэгіёну ў блэкаўт, разбурэнне двух ключавых чыгуначных магістраляў на Браншчыне - не проста выпадковыя супадзенні. Былы спікер Генеральнага штаба УСУ, палкоўнік запасу, вайсковы экспэрт Уладзіслаў Селязнёў патлумачыў, што цяпер ажыццяўляецца пэўная прэвентыўная дзейнасць, каб максімальна ўскладніць лагістыку расейскага войска.
«Гэта істотна затрымлівае іх прасоўванне. Адзін з ключавых чыннікаў, якія ўплываюць на тэмпы перакідання рэсурсаў, - гэта стабільнае функцыянаванне чыгуначнага злучэння. Калі гараць рэлейныя шафы, нішчацца масты і эстакады - адбываецца значнае прамаруджванне з перамяшчэннем ваенных грузаў», - кажа ён у інтэрв'ю «Главреду».
Селязнёў тлумачыць, што лагістыка - гэта перамяшчэнне рэсурсаў. Няма рэсурсаў - няма прасоўвання на полі бою.
«Аўтатранспартам або авіяцыяй шмат не прывязеш - гэта занадта павольна і дорага. Найбольш эфектыўны спосаб перамяшчэння вайсковых рэсурсаў - менавіта чыгунка. І калі яна працуе нестабільна, гэта істотна запавольвае баявую лагістыку ворага», - заяўляе Селязнёў.
Таксама экспэрт нагадвае, што цяпер блізу 30% тэрыторыі Данецкай вобласці яшчэ знаходзіцца пад нашым кантролем. І ключавыя, найбуйнейшыя населеныя пункты таксама застаюцца пад нашым кантролем. Таму расейцы імкнуцца ўзяць іх пад свой кантроль, аднак УСУ перакрэсліваюць планы ворага.