BE RU EN

МАЗ выцясняюць з расейскага рынку

  • 11.06.2025, 16:20

Кампанія прадала ў 1,7 разы менш новых грузавікоў, чым годам раней

У траўні 2025 года на расейскім рынку прададзена 266 новых грузавікоў Менскага аўтамабільнага завода - на 41%, або ў 1,7 разы, менш, чым у тым жа месяцы 2024-га (451), гаворыцца ў даследаванні «АСМ-холдынг» (РФ), заўважыў «Позiрк».

Прадукцыя МАЗа ў мінулым месяцы заняла 4-е месца ў спісе самых прадаваных брэндаў гэтага сегмента аўтарынку Расеі, канстатавалі эксперты (у студзені, лютым і сакавіку было 6-е, красавіку дзяліла 5—6-е). Доля на рынку склала 7,1%.

Лідарамі продажу ў справаздачным месяцы сталі: расейскія КамАЗ – 1 191 (-34,3% да траўня 2024-га) і ГАЗ – 365 (-39%), а таксама кітайскі SITRAK – 347 (-72,5%).

За пяць месяцаў 2025 года беларускае прадпрыемства рэалізавала на рынку РФ 1 402 грузавікі (2.329; -39,8%).

За мінулы год беларускае прадпрыемства збыло ў РФ 5 719 адзінак гэтай тэхнікі (за 2023 год — 6 406; -10,7%).

Пяцёрка лідараў продажаў за 2024 год: КамАЗ (23 121; -26,5% да ўзроўню продажаў 2023-га), SITRAK (19 376; -19,2%), Shacman (15 545; -25,6%), FAW (11630; -26,3%), Dongfeng (9.990; рост у 2,1 разы).

Апошнія навіны