Украінскія БПЛА атакавалі стратэгічны завод «Рэзаніт» пад Масквой
- 12.06.2025, 7:58
Прадпрыемства - адное з найбуйнейшых у вытворчасці электронікі ў РФ.
Уначы 12 чэрвеня ў Маскоўскай вобласці Расеі прагрымелі выбухі: рэгіён атакавалі ўдарныя дроны, улады ўвялі абмежаванні на працу некалькіх мясцовых аэрапортаў. Аналітыкі мяркуюць, што пад ударам магло быць прадпрыемства «Рэзаніт» — адзін з найбуйнейшых вытворцаў друкаваных платаў і лідар кантрактнай вытворчасці электронікі РФ.
Пра імаверны ўдар па прадпрыемстве паведаміў Telegram-канал Exilenova+.
Атака беспілотнікаў па рэгіёне пачалася апоўначы. Расейскія СМІ інфармавалі аб увядзенні абмежавання на прыём і вылеты самалётаў у аэрапортах «Унукава» і «Шарамеццева».
А 03:00 гадзіне ў пабліку Exilenova+ паведамілі пра атаку па Маскоўскай вобласці: са звестак канала, пад ударам апынуўся населены пункт Зубава, дзе, магчыма, была атакаваная мясцовая фабрыка.
Таксама ў сеціве паказалі кадры начной атакі па Маскоўскай вобласці.
А 03:30 гадзін у пабліку ўдакладнілі, што ў Маскоўскай вобласці дроны атакавалі вытворчасць «Рэзаніт».
Кампанія «Рэзаніт» пазіцыянуе сябе як аднаго з лідараў на рынку друкаваных платаў, а таксама кантрактнай вытворчасці электронікі ў Расеі. Прадпрыемства прапануе поўны цыкл вытворчасці - ад вырабу друкаваных платаў да мантажу мікраэлектронных кампанентаў.
Прадукцыя, якую вырабляе «Рэзаніт», выкарыстоўваецца ў розных сферах, у аўтамабільнай электроніцы, тэлекамунікацыях, вымяральных сродках, пажарна-ахоўных прыладах і г. д.
У адкрытых крыніцах таксама ёсць інфармацыя, што некаторыя друкаваныя платы прадпрыемства выкарыстоўваюцца ў аэракасмічнай і абароннай прамысловасці.