«У ЕЗ перастануць працаваць карткі ўсіх беларускіх банкаў»
- 12.06.2025, 8:20
Перавод грошай праз сістэмы, падобныя Paysend, будзе немагчымы.
Еўрапейская камісія падрыхтавала новы 18-ы пакет санкцый у дачыненні да Расеі і Беларусі ў сувязі з агрэсіяй супраць Украіны. Сярод санкцыйных прапаноў ёсць і поўная забарона на аперацыі з беларускімі банкаўскімі структурамі.
18-ы пакет санкцый павінны ўзгадніць усе чальцы Еўразвязу, яго прыняцце чакаецца цягам чэрвеня.
«Філін» даведаўся ў эканаміста Дзмітрыя Крука аб наступствах магчымай пастановы.
- Цяпер чатыры беларускія банкі адключаныя ад SWIFT. Цяпер прапануюць увесці поўную забарону на аперацыі з беларускімі банкаўскімі структурамі. Што гэта азначае?
- Адразу абмовімся, што дакумент яшчэ не прыняты. Калі яго прымуць у такім выглядзе, гэта будзе азначаць поўнае адлучэнне беларускіх банкаў ад еўрапейскай, нават хутчэй ад глабальнай банкаўскай сістэмы.
І тыя вокны ў сістэме разлікаў, у руху грошай, якія цяпер яшчэ захоўваюцца, будуць закрытыя.
- А хіба пераход беларускіх банкаў на «расейскі заменнік SWIFT» — сістэму СПФС — не дапаможа ў гэтым выпадку?
- Дагэтуль у беларускіх банкаў у вельмі ўсечаным маштабе, але застаюцца транзакцыі з еўрапейскімі контрагентамі. Праз некалькі банкаў па-ранейшаму можна перавесці грошы на рахункі ў еўрапейскія банкі і прыватным, і юрыдычным асобам.
Гэта дазваляе абслугоўваць гандлёвыя плыні, якія ўсё яшчэ легальна праходзяць паміж Беларуссю і ЕЗ. Такая магчымасць знікне.
Тое, што беларускія банкі перайшлі на СПФС, ніяк не дае ім магчымасць праводзіць транзакцыі з заходнімі краінамі. З імі ўсё адно фінансавае абслугоўванне, дзе гэта да гэтага часу магчыма, ідзе праз SWIFT.
І банкі, якія маюць доступ да SWIFT, да карэспандэнцкіх рахункаў з еўрапейскімі банкамі, вельмі важныя і каштоўныя для беларускага бізнэсу.
Хоць, калі патэнцыйна такая магчымасць знікне, гэта, вядома, будзе непрыемна, але, я б не сказаў, што трагічна. Таму што пры дапамозе розных абыходных пасрэдніцкіх ланцужкоў, праз Расею, Казахстан, Узбекістан, Кыргызстан, Грузію, Турцыю і іншыя краіны, з дапамогай той жа СПФС можна даводзіць грошы да канчатковага бенефіцыяру.
Гэта значыць спачатку грошы адправяць у адну з названых краін, і ўжо адтуль яны працягнуць рух ад імя іншай фірмы ў кірунку канчатковага бенефіцыяра.
У 2020 ці 2022 годзе адключэнне SWIFT сапраўды магло на нейкі перыяд спаралізаваць фінансавую сістэму з пункту гледжання абслугоўвання замежных аплат.
Але цяпер да гэтага шоку прэвентыўна ўсе гатовыя. Думаю, што ўсе банкі дапускаюць такую імавернасць, таму поўная забарона на транзакцыі наўрад ці выкліча калапс.
- А на звычайных грамадзянах гэтая магчымая забарона неяк адаб'ецца?
- Я ўжо адзначыў, што сёння яшчэ ёсць магчымасць, хай і невялікая, пераводзіць грошы ў заходнія краіны на банкаўскія рахункі. Напрыклад, вы хочаце адправіць грошы на свой рахунак альбо рахунак свайго сваяка, альбо атрымаць грошы.
Адправіць SWIFT-перавод, скажам, за набыццё аўтамабіля замежнай фірме і г.д. вось такія пераводы закрыюць наогул. Людзям даядзецца шукаць абыходныя шляхі.
З карткавымі сістэмамі сітуацыя крыху больш складаная.
Але калі адбудзецца поўнае спыненне ўсіх карэспандэнцкіх дачыненняў з заходнімі банкамі і адлучэнне ад SWIFT, з вельмі вялікай імавернасцю, гэта адаб'ецца і на карткавых магчымасцях.
Найбольш імаверна, што перавод грошай праз сістэмы, падобныя Paysend, будзе немагчымы. Акрамя таго, у заходніх краінах, у ЕЗ перастануць працаваць карткі не асобных беларускіх банкаў, а ўсіх.