BE RU EN

У Еўрапарламенце адкрылася выстава, прысвечаная «Хартыі' 97» і Наталлі Радзінай

  • 12.06.2025, 12:36

Свабоднае слова - гэта магутная зброя.

Цырымонія адкрыцця ўнікальнай фотавыставы “Скрозь аб'ектыў: абарона дэмакратыі і свабоды ў кіберпрасторы" адбылася ў будынку Еўрапарламента ў Брусэлі 11 чэрвеня.

Выстава, арганізаваная швайцарскай кампаніяй Proton, якая прадстаўляе бяспечныя онлайн-паслугі, а таксама еўрадэпутатам ад Літвы Віргініюсам Сінкявічусам, складалася з чатырох частак. Першая была прысвечаная "Хартыі' 97" і яе галоўнай рэдактарцы Наталлі Радзінай. Астатнія тры былі прадстаўленыя Proton VPN Observatory (даследчая праграма кампаніі Proton, накіраваная на абарону свабоды слова ў кіберпрасторы — заўв.), “Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода” і актывістам з Ганконга, заснавальнікам партыі Hong Kong Indigenous Рэй Вонам.

"Гэтая выстава перанясе вас у ключавыя моманты гісторыі "Хартыі'97": ад адкрыцця яе офіса ў Варшаве да блакавання сайта ў 2018 годзе. На фотаздымках таксама паказаная барацьба беларусаў за дэмакратыю”, — анансавалі мерапрыемства арганізатары.

Наталля Радзіна і еўрадэпутат ад Латвіі Марціньш Стакіс

На цырымоніі адкрыцця прысутнічалі заснавальнік кампаніі Proton Эндзі Ен, літоўскі еўрадэпутат Віргініюс Сінкявічус, галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна, вядомы актывіст з Ганконга Рэй Вон і прадстаўнік “Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода" Крысцін Фіцко.

Заснавальнік кампаніі Proton Эндзі Ен расказаў пра дзве ключавыя прычыны, чаму важная гэтая выстава:

- Па-першае, бо трэба памятаць. Нядаўна мы адзначылі гадавіну трагедыі на плошчы Цяньаньмэнь у Кітаі, дзе былі забітыя блізу 10 тысяч студэнтаў. Гэта падзея сёння практычна сцёртая з калектыўнай памяці больш як мільярда чалавек. Яна выцесненая, забытая, як быццам яе ніколі не было.

Менавіта таму так важна ствараць прастору, дзе актывісты могуць дзяліцца сваімі гісторыямі, казаць пра сваю барацьбу. І асабліва значна, што гэта адбываецца ў сценах Еўрапейскага парламента. Такія падзеі нагадваюць нам, чаму мы не можам дазволіць сабе забываць. Таму што тыранія перамагае тады, калі памяць маўчыць.

Другая прычына, праз якую гэтае мерапрыемства настолькі значнае, што сёння мы жывём на скрыжаванні тэхналогій і каштоўнасцяў. І гэта ўжо не толькі пытанне ідэалаў ці палітычных поглядаў - гэта таксама пытанне эканомікі, магчымасцяў, стратэгічнага выбару.

Эндзі Ен назваў галоўную перавагу Еўропы ў XXI стагоддзі:

- Гэта не здольнасць хутчэй маштабавацца, як у амерыканцаў, і не мастацтва капіяваць, як у Кітая. Сапраўдная канкурэнтная перавага Еўропы - нашы каштоўнасці.

ЗША сталі найбуйнейшым экспарцёрам таго, што я называю капіталізмам назірання. Гэта сістэма, якая пранікае ў наша паўсядзённае жыццё, у эканоміку, у культуру. У адказ на гэта Еўропа павінна прапанаваць свету нешта іншае: прыватнасць, свабоду, дэмакратыю.

Эндзі Ен

І зараз перад намі адкрываецца ўнікальная магчымасць. Бо больш за 5 мільярдаў чалавек — гэта амаль 70% насельніцтва планеты — жывуць ва ўмовах несвабоды і несправядлівасці. Свет мае вострую патрэбу ў альтэрнатывах, і еўрапейскія сэрвісы, заснаваныя на каштоўнасцях, пачынаюць выклікаць усё больш даверу. Журналісты, кампаніі ўсё часцей звяртаюцца да еўрапейскіх развязанняў, бо страчваюць веру ў амерыканскія і кітайскія платформы.

Але скарыстацца гэтай магчымасцю можна толькі свядома. Еўропа павінна памятаць, на чым яна грунтуецца. А значыць - калі ў гэтых залах ствараюцца законы і прымаюцца пастановы, мы абавязаныя памятаць пра тых, хто сёння раскажа тут свае гісторыі. Таму што менавіта так мы абараняем тое, што робіць нас Еўропай.

Гэта не толькі абарона памяці. Гэта - абарона будучыні, у тым ліку эканамічнай, для ўсяго кантынента.

Дзякуй усім, хто прыйшоў сёння. Для мяне вялікі гонар знаходзіцца тут разам з тымі, хто бароніць свабоду — словам, дзеяннем, праўдай.

Літоўскі еўрадэпутат Віргініюс Сінкявічус расказаў пра важнасць свабоды слова:

- Я вельмі рады адкрываць гэтую выставу, і таму, што тут прадстаўлены беларускі сайт Charter97.org. Беларусь - заўсёды ў маім сэрцы. У мяне ёсць сваякі ў гэтай краіне, а сайт Charter97.org чытаю з 2014 года.

У Беларусі цяпер моцныя рэпрэсіі, апазіцыя зазнае жорсткае цкаванне, там забіваюць людзей. Многія альбо зніклі, альбо знаходзяцца ў турмах - такая рэальнасць. Такая рэальнасць у Беларусі, такая рэальнасць і ў іншых краінах. І менавіта таму вельмі важна, што мы сёння тут — каб яшчэ раз нагадаць сабе: свабода слова не даецца проста так, яе трэба абараняць. Я думаю, мы ўсе спадзяемся на паляпшэнне сітуацыі, на тое, што ў свеце стане больш дэмакратыі і свабоды слова. Але, на жаль, цяпер мы назіраем адваротнае - сітуацыя пагаршаецца. Таму адказнасць ляжыць на кожным з нас.

Віргініюс Сінкявічус

У сваім выступе галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна расказала пра сітуацыю са свабодай слова ў Беларусі:

- Беларусы ўжо больш за 30 гадоў змагаюцца за свабоду сваёй краіны. Вам цяжка гэта ўявіць - так шмат гадоў дыктатарскі рэжыму Лукашэнкі топча ўсе законы і міжнародныя нормы, фальсіфікуе выбары, знішчае сваіх апанентаў, забіваючы і кідаючы іх у турмы. У невялікай, 9-мільённай Беларусі, сёння знаходзяцца ў зняволенні да 10 000 палітвязняў. Сярод вязняў сумлення - дзясяткі незалежных журналістаў і блогераў. Абсалютна ўсе незалежныя медыі ў краіне заблакаваныя і вымушаныя працаваць з-за мяжы. Паводле ўзроўню свабоды слова Беларусь скацілася да самых людаедскіх афрыканскіх краін і Паўночнай Карэі.

Таму я вельмі ўдзячная кампаніі Proton, якая адкрывае сёння ў Еўрапейскім парламенце ў Брусэлі выставу, прысвечаную ціску на свабоду слова ў дыктатарскіх краінах, – уключаючы Беларусь. І я неймаверна ўдзячная, што прыкладам Беларускага незалежнага медыя, якое змагаецца за свабоду слова, стаў сайт “Хартыя'97”. Кампанія "Пратон" таксама надавала нашаму сайту падтрымку ў самыя складаныя часы: калі нас блакавалі ў Беларусі і была неабходнасць у тэрміновай фінансавай падтрымцы. Мы ніколі гэтага не забудзем. Дзякуй вам!

"Хартыя' 97 " - найстарэйшы незалежны сайт Беларусі, які працуе ўжо 27 гадоў. Мы многія гады з'яўляемся лідарамі беларускага інтэрнэту, нягледзячы на ціск і пераслед з боку ўладаў. Заснавальнік і першы галоўны рэдактар нашага сайта Алег Бябенін быў забіты ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2010 года, многія журналісты прайшлі праз турмы. Сама я была зняволеная ў турме КДБ у Менску, дзе зазнавала катаванні. Сёння ў Беларусі супраць журналістаў сайта "Хартыі' 97 " распачатыя крымінальныя справы, паводле якіх нам пагражаюць велізарныя турэмныя тэрміны.

Наталля Радзіна

Аднак рэпрэсіі нас не спынілі, і мы працягнулі сваю працу – спачатку з суседняй з Беларуссю Літвы, затым – з Польшчы.

Я ведаю, што працую з сапраўднымі героямі - таму што супрацоўніцтва з такім сайтам як "Хартыя'97" нясе велізарныя рызыкі для журналістаў. Дыктатарскі рэжым прызнаў наш сайт "экстрэмісцкім", хоць мы проста выконваем свой прафесійны абавязак і асвятляем падзеі, якія адбываюцца ў краіне.

Мы разумеем галоўнае - калі рэжым робіць столькі намаганняў, каб паспрабаваць знішчыць адно медыя, значыць, гэта медыя эфектыўнае і яго баяцца. Гэтая простая думка заўсёды мяне падтрымлівала і дапамагала даваць рады шматлікім цяжкасцям і праблемам, з якімі мы сутыкаемся ў працы на працягу амаль 30 гадоў.

І адна з асноўных праблем сёння - гэта зніжэнне міжнароднай цікавасці і ўвагі да сітуацыі ў Беларусі. Многія гады ідзе вайна Расеі супраць Украіны, апошнія тры гады - шырокамаштабная, татальная вайна на ўсіх франтах. І ў 2022 годзе дыктатарская Беларусь стала плацдармам для наступу расейскага войска на Кіеў. Беларускі дыктатар Лукашэнка - марыянетка Пуціна і ўтрымліваецца ва ўладзе толькі дзякуючы падтрымцы Крамля. Але беларускі народ сёння - гэта ахвяра рэжыму, ніяк не яго частка. У 2020 годзе ў Беларусі была зроблена спроба рэвалюцыі, увесь свет убачыў, як на пратэсты супраць дыктатара, які чарговым разам сфальсіфікаваў выбары, па ўсёй краіне выйшла блізу мільёна чалавек. Аднак, на жаль, тады заходняму свету не ставала рашучасці актыўна падтрымаць беларусаў у іх барацьбе за свабоду. Санкцыі супраць дыктатуры ўвялі з вялікім спазненнем, і сёння для таго, каб яны падзейнічалі эфект, іх трэба ўзмацняць і ўзмацняць.

Эндзі Ен і Наталля Радзіна

Наталля Радзіна патлумачыла, чаму сёння важна падтрымаць беларускія незалежныя СМІ:

- Медыя - гэта важны і, магчыма, апошні інструмент уплыву на сітуацыю ў Беларусі. Людзі павінны атрымліваць аб'ектыўную інфармацыю ад незалежных СМІ, а не ад расейскіх і беларускіх прапагандысцкіх каналаў.

Аднак апошнім часам падтрымка беларускіх незалежных медый істотна знізілася. Амерыканскія фонды пасля прыходу прэзідэнта Трампа закрыліся, а еўрапейскія фонды сталі скарачаць дапамогу. Многія беларускія медыя, уключаючы "Хартыю'97", знаходзяцца на мяжы выжывання. Праз адсутнасць дапамогі ў нейкі момант мы можам папросту закрыцца. І хто ад гэтага здабудзе, акрамя дыктатара?

Я часта чую ад палітыкаў, што Еўразвяз павінен умацоўваць сваю абараназдольнасць, і што велізарная колькасць сродкаў неабходная для вытворчасці і закупкі ўзбраенняў. Але медыя - гэта таксама зброя. Расея вядзе гібрыдную вайну супраць краін Захаду, і інфармацыйная вайна – частка гэтай глабальнай вайны. Расея выдаткоўвае на свае прапагандысцкія каналы мільярды, а Еўропа не ў стане падтрымаць нешматлікія беларускія СМІ?

Для чаго гэта трэба еўрапейцам? Каб абараніць сябе ад новага магчымага ўварвання войскаў з тэрыторыі Беларусі. Бо ў планах у Пуціна зноў выкарыстоўваць нашу краіну як плацдарм для наступу - але гэтым разам не толькі ва Украіну, але і ў краіны Балтыі і Польшчу. Менавіта незалежныя медыя сваім уплывам змаглі ў мінулыя гады спыніць прамы ўдзел беларускага войска ў вайне супраць Украіны: дзякуючы пастаяннаму асвятленню падзей і перадачы аб'ектыўнай інфармацыі, яны змаглі супрацьстаяць прапагандзе і пазбавіць жадання ваяваць беларускіх вайскоўцаў.

Таму я заклікаю сёння еўрапейскіх палітыкаў думаць стратэгічна і ўсвядоміць важнасць свабодных медыяў. Свабоднае слова - гэта не проста гук, гэта магутная зброя.

Віргініюс Сінкявічус, Эндзі Ен, Наталля Радзіна і Рэй Вон
Наталля Радзіна і Віргініюс Сінкявічус

Апошнія навіны