BE RU EN

Літва можа адправіць аўтамабілі з «каравана кантрабанды» беларускіх цыгарэт ва Украіну

  • 12.06.2025, 12:56

Мытнікі, надгледзеўшы 13 аўто, у дзевяці з іх выявілі схованкі з тытунёвай прадукцыяй.

"Сапраўдным караванам кантрабанды" беларускіх цыгарэт назвала мытня Літвы затрыманне адразу дзевяці аўтамабіляў, якія перавозілі нелегальны тавар.

Як адзначаецца ў паведамленні ведамства, у ноч на 9 чэрвеня на аўтадарожным пасту Салечнікі (з беларускага боку Беняконі) мытнікі, дагледзеўшы 13 аўто, у дзевяці з іх выявілі схованкі з тытунёвай прадукцыяй.

"Кантрабандныя схованкі былі абсталяваныя ў розных месцах аўтамабіляў, як правіла, шляхам праразання адтулін у кузаве і выкарыстання завадскіх паражнін, — гаворыцца ў паведамленні. - Афіцэры знаходзілі схованкі ў парогах, падлогах, падрамніках, дзвярах, унутраным аздабленні, кантэйнерах з астуджальнай вадкасцю і г.д. у большасці аўто схованкі былі ідэнтычнымі, і колькасць кантрабанды была аднолькавай — не больш за 1 тысяч пачкаў”.

Усяго, паводле звестак мытні, выяўлена 6 354 пачкі беларускіх цыгарэт, у асноўным NZ Gold і Minsk Superslims.

На парушальнікаў складзеныя пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні за кантрабанду і абыход міжнародных санкцый.

Усе дзевяць аўтамабіляў — “Аўдзі Q5”, “Фальксваген Пасат”, БМВ, “Сітраэн”, “Форд Фокус” і інш. - канфіскаваныя. Хутчэй за ўсё, яны будуць перададзеныя Украіне ў рамках дапамогі ў адбіцці расейскай вайсковай агрэсіі.

Мытня адзначае, што ўсе аўтамабілі старыя, большасць з іх каштуюць блізу 3 тысяч еўра.

"Падобныя" караваны кантрабанды на літоўскай мяжы былі частай з'явай некалькі гадоў таму", — гаворыцца ў паведамленні.

Апошнія навіны