З'явіўся шыкоўны падарунак для прыхільнікаў «Уладара пярсцёнкаў»
- 12.06.2025, 14:21
Усяго выпушчана 999 асобнікаў.
Італьянская кампанія Montegrappa, заснаваная ў 1912 годзе і вядомая сваімі элітнымі пісьмовымі прыладамі, прэзентавала калекцыйную асадку «Ода Бэг Энду» («Ode To Bag End») — сапраўдны шэдэўр для прыхільнікаў сусвету Дж.Р.Р. Толкіна, піша часопіс Forbes (пераклад - сайт Charter97.org).
Дызайн асадкі натхнёны ўтульным домам хобітаў - Бэг эндам, дзе пачыналіся прыгоды Більба і Фрода Бэгінсаў. Каўпачок асадкі ўручную распісаны і ўзнаўляе ўваход у дом, а сама асадка спалучае ў сабе разважлівасць і гуллівасць — як і сама гісторыя хобітаў.
Мадэль аформленяа ў цёплых тонах, з элементамі з жоўтага і ружовага золата, а таксама рутэнію. Стрыжань з латуні упрыгожаны накладаннем са смалы з драўнянай тэкстурай, якая надае вырабу архітэктурную глыбіню. Пёравая асадка забяспечаная 14-каратным залатым пяром.
"Ода Бэг Энду" даступная ў трох варыянтах - пёравая, ролер і шарыкавая асадка. Усяго выпушчана 999 асобнікаў, што робіць гэтую серыю асабліва каштоўнай для калекцыянераў.
З даўжынёй 142 мм і дыяметрам 18 мм, асадка адчуваецца важкай і надзейнай у руцэ. Гэта не проста прадмет раскошы, а сапраўдны інструмент для тых, хто хоча пісаць так, як пісаў сам Толкін — з уяўленнем і душой.