Украіна і Расея правялі новы абмен палоннымі
- 12.06.2025, 15:30
Ва Украіну вярнуліся байцы, якіх лічылі зніклымі без вестак.
Падчас сённяшняга абмену ва Украіну вярнуліся цяжкапараненыя і цяжкахворыя ўкраінскія абаронцы. Частка з іх разглядалася як зніклыя без вестак.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на Каардынацыйны штаб у пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі.
Сёння адбыўся чарговы этап вялікага абмену палоннымі згодна з дамоўленасцямі ў Стамбуле.
Каардынацыйны штаб у пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі на даручэнне прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага вярнуў з расейскага палону групу абаронцаў з катэгорыі «цяжкапараненыя і цяжкахворыя».
У штабе паведамілі, што на родную зямлю вярнуліся вайскоўцы УСУ, ДШВ, Вайсковых-Марскіх сіл, Паветраных сіл, сіл ТРА, СБС, а таксама Дзяржаўнай памежнай службы і Нацыянальнай гвардыі Украіны.
Сярод вызваленых сёння ёсць абаронцы Марыюпаля, якія знаходзіліся ў палоне больш за тры гады. Усе вызваленыя абаронцы - мужчыны, прадстаўнікі шараговага і сяржанцкага складу.
"Частку вызваленых сёння ўкраінскіх ваяроў разглядалі як зніклых без вестак", - паведамілі ў штабе.
Агулам, са звестак Каардынацыйнага штаба, дадому вяртаюцца ўкраінцы, якія ваявалі на Данецкам, Херсонскім, Харкаўскім, Запарожскім і Луганскім напрамках.
"Вызваленыя з палону абаронцы пройдуць неабходны медыцынскі агляд, атрымаюць дапамогу ў фізічнай і псіхалагічнай рэабілітацыі, а таксама ўсе належныя выплаты за ўвесь час знаходжання ў няволі”, - дадалі ў штабе.
Варта заўважыць, што сённяшні абмен з'яўляецца часткай вялікага абмену ў катэгорыях вайскоўцаў ва ўзросце да 25 гадоў, а таксама цяжкапараненых і цяжкахворых.